Кастрычніцкі райсуд Віцебску не задаволіў скаргу лекара на забарону пікету-рэквіему супраць міліцэйскага гвалту. Судзьдзя Алена Папкова вырашыла, што Кастрычніцкая раённая адміністрацыя мела рацыю, забараніўшы акцыю Ігара Пастнова, якую ен зьбіраўся правесьці летась у сьнежні.

29 студзеня адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк абскарджваў у Віцебскім абласным судзе адмову ў рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных груп. Суд падтрымаў ранейшыя адмовы раённай і абласной выбарчых камісіяў. Актывіст зьбіраўся балятавацца ў Талачынскі раённы і Коханаўскі сельскі саветы праз збор подпісаў.

У судзе Першамайскага раёну Віцебску адбыўся разгляд скаргі Аляксея Гаўруцікава і Хрыстафора Жаляпава. Яны патрабавалі прызнаць незаконнай забарону Першамайскай адміністрацыяй гораду пікету салідарнасьці з палітвязьнямі, які не адбыўся 10 сьнежня. Суд адмовіў актывістам.

Пасьля таго, як судзьдзя суду Віцебскага раёну Натальля Трацьцякова адмовіла Леаніду Здрэставу ў задавальненьні хадайніцтва аб допуску да ўдзелу ў судовым паседжаньні па грамадзянскай справе ў якасьці яго прадстаўніка праваабаронцы, ён зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд. Канстытуцыйны суд ня стаў вырашаць пытаньне, і цяпер актывіст просіць разабрацца ў сытуацыі старшыню Канстытуцыйнага суду.

Судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Віцебска Алена Цыганкова спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненьні да Аляксандра Кірылава. Яна ня ўгледзела складу правапарушэньня ў дзеяньнях віцебскага палітычнага актывіста, прадугледжанага арт. 9.2 (Паклёп) Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях.