На пачатку траўня спадар Аўтухоў вусна зьвярнуўся да старшыні суду Ляшковіча з просьбай паведаміць яму інфармацыю пра колькасьць асоб, якія паводле рашэньня суду ў 2015 годзе былі накіраваныя ў ЛПП. Старшыня суду, як сапраўдны чыноўнік і захавальнік дзяржаўных сакрэтаў, прапанаваў апазыцыйнаму палітыку зьвярнуцца да суду пісьмова.
Аднак Аўтухову здалося, што такім чынам кіраўнік раённага суду парушыў ягонае канстытуцыйнае права на атрыманьне інфармацыі аб працы дзяржаўных органаў і ўстаноў. Зыходзячы з гэтага меркаваньня, Леанід Аляксандравіч зьвярнуўся ў Віцебскі абласны суд са скаргай на старшыню Гарадоцкага раённага суду.
Старшыня абласнога суду Мікалай Хамічонак правёў праверку па скарзе. Прааналізаваўшы дадзеныя, атрыманыя ў выніку гэтай праверкі, галоўны судзьдзя Віцебскай вобласьці не знайшоў парушэньняў заканадаўства ў дзеяньнях свайго падначаленага. Апраўдваючы дзеяньні гарадоцкага судзьдзі, Хамічонак паведаміў скаржніку, што доступ да інфармацыі можа быць абмежаваны заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасьці, прыватнага і сямейнага жыцьця грамадзян і поўнай рэалізацыі імі сваіх правоў.
Пры гэтым Мікалай Хамічонак усё ж параіў апазыцыянэру зьвярнуцца да кіраўніка Гарадоцкага раённага суду зь пісьмовай заявай, як таго патрабуе Закон Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў».
Мяркуючы, што інфармацыя, якой ён цікавіцца, зьяўляецца важнай і ўяўляе грамадзкі інтарэс, спадар Аўтухоў паўторна зьвярнуўся да старшыні раённага суду, цяпер ужо зь пісьмовай заявай. Леанід зьдзіўляецца, навошта разводзіць бюракратыю вакол простай хвіліннай справы - назваць, хаця б прыблізна, колькасьць жыхароў Гарадоцкага раёну, накіраваных у ЛПП. Няўжо гэтыя зьвесткі зьяўляюцца дзяржаўнай або прыватнай таямніцай?