Аўторак, 09 Красавік 2024

«Экстрэмісцкай» прызналі старонку ў Instagram Андрэя Кулакова – віцебскага вынаходніка «жывемабіля»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

3 красавіка суд Вушацкага раёна Віцебскай вобласці пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» змест старонкі    «andrew_fanatik" у Instagram з ідэнтыфікатарам  https://www.instagram.com/andrew_fanatik. На гэтай старонцы можна ўбачыць выявы легендарнага «жывемабіля» - мікрааўтобуса VW Transporter T3 , які Андрэй Кулакоў перафарбаваў у колеры нацыянальнага сцяга, і які ездзіў па Віцебску ў дні грамадскіх пратэстаў 2020г.  Таксама там ёсць і выявы «украінамабіля» - мікрааўтобуса, набытага пасля ад'езду з Беларусі, на якім Андрэй Кулакоў займаўся валанцёрскай дзейнасцю ў пасля нападу на Украіну.

У Беларусі на Андрэя Кулакова заведзена крымінальная справа, ягоная маёмасць арыштавана. Падрабязнасцяў хлопец не ведае, але мяркуе, што справу распачалі па арт. 342 Крымінальнага Кодэкса РБ – за ўдзел у пратэстах. Даведаўшыся пра гэта, ён запісаў сатырычнае «пакаяльнае відэа», дзе распавядаў, што падчас пратэстных маршаў  2020г.  перавозіў людзей на сваім транспартным сродку, у сувязі з чым «в упадок пришёл общественный транспорт в Витебске».

Два мікрааўтобусы- «жывемабілі» адпаведнай расфарбоўкі стаяць на міліцэйскай штрафстаянцы. Іх гаспадар пакінуў Беларусь у 2021 годзе – спачатку выехаў ва Ўкраіну, а пасля пачатку вайсковых дзеянняў перабраўся ў Польшчу. Там зрабіўся валанцёрам і дапамагаў уцекачам на украінска-польскім памежжы.

Ірына Міронава