Чацвер, 07 Снежань 2023

Сілавікі правялі ператрус у кватэры Змітра Лупача, у якой ён не жыве больш за два гады

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Зміцер Лупач, вядомы незалежны журналіст, вымушана пераехаў у Польшчу, бо ў Беларусі яго пераследвалі за прафесійную дзейнасць. Кватэра, у якой ён жыў да ад“езду, даўно стаіць пустая. 6 снежня сілавікі прыйшлі туды з ператрусам, трапіўшы ўнутр з дапамогай супрацоўнікаў МНС: тыя падняліся па «пажарнай» лесвіцы на балкон, адчынілі балконныя дзверы і такім чынам трапілі ў жытло Змітра Лупача.

Журналіст не ведае, што шукалі ў ягонай кватэры і ці знайшлі нешта з таго, што магло зацікавіць міліцыянтаў або следчых. У межах якой справы праводзіўся ператрус, Лупач не ведае таксама – пра здарэнне ён даведаўся ад сведак, якія назіралі пранікненне ў ягоную кватэру. Таксама сведкі паведамілі, што кватэра апячатаная.

Апошні раз вератрус у кватэры Змітра Лупача праводзілі ў 2021 годзе - непасрэдна перад тым, як ён пакінуў Беларусь. Тады ж журналіст быў затрыманы на трое сутак - 8 ліпеня сілавікі забралі яго з санаторыя “Пліса”, дзе той адпачываў. Усё гэта адбывалася ў межах крымінальнай справы, дзе Лупач меў статус падазраванага: яму паведамілі, што справа паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні), распачатая з прычыны з“яўлення відэароліка ў тэлеграм-канале “Глубокое для жизни”. У гэтым відэа, на думку міліцыі, быццам бы ўтрымліваюцца выказванні, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў на адрас сілавікоў. У публікаванні гэтага відэароліка падазравалі Лупача і яшчэ некалькіх грамадскіх актывістаў з Докшыц і Глыбокага, якіх таксама трымалі пад вартай 72 гадзіны.

Павел Стаховіч