Летась Святлана Кузьмічонак асудзіла аршанца Арцёма Ляшнеўскага – прызнала яго вінаватым у здзяйсненні злачынства па артыкуле 369 "Знявага прадстаўніка ўлады" Крымінальнага Кодэкса і прызначыла яму 2 з паловай гады "хіміі". Яна ж вынесены прысуд жыхару Оршы Антону Баброву, звінаваціўшы ў абразе Аляксандра Лукашэнкі па ч. 1 арт.368 Крымінальнага кодэкса, -- пакарала мужчыну пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму на 2 гады.
Апошнія рашэнні ў Аршанскім судзе Святлана Кузьмічонак выносіла па «палітычных» адміністрацыйных справах. Чатыры разы яна судзіла былога міліцыянта Сяргея Вальковіча, у якога на старонках у сацсетках сілавікі знайшлі падпіскі на старонкі, прызнаныя «экстрэмісцкімі». Сумарна мужчына атрымаў 37 сутак арышту.
Двойчы Святлана Кузьмічонак судзіла жыхарку Оршы Алену Енушэўскую. За «экстрэмісцкія»падпіскі і «пікетаванне» (шляхам размяшчэння на сваёй старонцы «ВКонтакте» герба «Пагоня» ёй былі прысуджаны два арышты па 7 сутак кожны.
Яшчэ аднаму аршанцу Святлана Кузьмічонак прысудзіла 15 сутак арышту за падпіску ў Instagram на так званы экстрэмісцкі рэсурс. Падсудны казаў, што не карыстаўся гэтай старонкай ужо 10 гадоў, але суддзю гэта не пераканала.
Юлія Бабаед