Серада, 25 Кастрычнік 2023

За праведзены пікет у сацыяльных сетках улады пакаралі арыштам жыхарку Воршы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Аршанскага раёна і Оршы Святлана Кузьмічонак 9 кастрычніка за правядзенне несанкцыянаванага мясцовымі ўладамі пікетавання ў сацыяльнай сетцы арыштавала на 7 сутак мясцовую жыхарку Алену Енушэўскую, якая працуе вартаўніком на адным з прадпрыемстваў горада.

Згодна з пратаколам агляду, які паступіў у суд з мясцовага РАУС вынікае, што падчас прагляду тэлефона работнік міліцыі знайшоў на старонцы Янушэўскай у сацыяльнай сетцы «УКантакце» выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру, герба «Пагоня» і лозунг «Жыве Беларусь».

Па запыце суда ўлады паведамілі аб тым, што ў перыяд з 22.08.2020 па 21.09.2023 кіраўніцтвам Аршанскага райвыканкама заяў на правядзенне якіх-небудзь масавых мерапрыемстваў не паступала, і дазволаў на іх правядзенне не выдавалася.

У судовым паседжанні Алена вінаватай сябе прызнала часткова. І патлумачыла, што ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» мелася яе асабістая старонка, на якой яна размясціла выяву БЧБ-сцяга.

Прызнанне гэтага факта суддзі Кузьмічонак было дастаткова, каб на падставе ч.1 арт.24.23 КаАП пакараць Енушэўскую арыштам на тэрмін сем сутак.

Дзмітрый Лугавы