Вясельле Ганны Шарэйка і яе каханак, летувіскі бізнэсовец Вальдэмарас Норкус, зьбіраліся згуляць яшчэ ў 2014 годзе. Але не атрымалася – улетку на іх надзелі кайданкі. Сэнатара і гендырэктара Віцебскай птушкафабрыкі «Ганна» абвінавацілі ў тым, што фірма Норкуса незаконна перамагла падчас тэндэру на пастаўку кармоў. Нібыта Шарэйка лябіявала інтарэсы свайго каханка. Цяпер яны абодва фігуранты гучнай крымінальнай справы. Ня так даўно Ганна і Вальдэмарас зьвярнуліся да Вярхоўнага суду з просьбай узаконіць стасункі наўпрост у калёніі.
– Высокі суд, мы абодва атрымалі адказ з ЗАГСу пра тое, што яны ня могуць нас расьпісаць, бо яны не атрымалі вашага дазволу. Хочам, каб гэта занесьлі ў пратакол, бо парушаюцца нашы канстытуцыйныя правы, суд ушчамляе нас і аказвае ціск такім чынам, – зьвярнулася да судзьдзі абвінавачаная Ганна Шарэйка.
– Занясіце ў пратакол, што да вырашэньня справы па сутнасьці, незалежна ад таго, прыме суд рашэньне на вашу карысьць ці не, мы мяркуем, што гэтая працэдура (шлюб – рэд.) немагчымая. Зыходзячы з таго, што ідзе працэс па крымінальнай справе, вы абое абвінавачаныя, вось такая пазыцыя, – адказаў ёй судзьдзя Ўладзімер Давыдаў.
– Мы ведаем, што пасьля вынясеньня прысуду рашэньне Вярхоўнага суду набывае законную моц неадкладна. І ў нас ня будзе проста магчымасьці ўзаконіць свае стасункі, вось чаму мы зьвяртаемся, – парыравала Шарэйка.
– Я вас не разумею, вы кажаце рэчы, недапушчальныя на гэтай стадыі працэсу. Прысуд можа быць як абвінаваўчы, гэтак і апраўдальны. З чаго вы ўзялі, што ў вас будзе абвінаваўчы прысуд? – пацікавіўся судзьдзя Ўладзімер Давыдаў. – Мы ня чынім перашкоды, калі ласка, уступайце ў шлюб. Але цяпер ідзе працэс, які абмяжоўвае вашы правы.
Ганна Васільеўна ня верыць, што ёй могуць вынесьці апраўдальны прысуд. Шарэйка і Норкус ня маюць намеру здавацца і найбліжэйшым часам ізноў зьвернуцца да суду з просьбай дазволіць ім згуляць вясельле.
Кацярына Барысевіч, kp.by