Чацвер, 17 Сакавік 2016

«Хімік» Аляксей Жалноў спрабуе адстаяць свае працоўныя правы ў судзе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксей Жалноў Аляксей Жалноў

Грамадзкія актывісты Полацкага рэгіёну сабраліся 16 сакавіка ў судзе гораду Наваполацку, каб падтрымаць сябра БСДП Аляксея Жалнова (Мілюкова). Аляксей падаў пазоў у суд супраць свайго працадаўцы, Наваполацкага ЛПП №8, для выпатрабаваньня ня выплачанай заработнай платы. У працоўнай дамове Аляксея пазначаная мінімальная заработная плата, аднак яму выплачваюць толькі палову – крыху больш за мільён рублёў.

У судзе адбыўся папярэдні разгляд пазову, Аляксей заявіў хадайніцтва пра допуск у паседжаньне свайго абаронцы, юрыста прафсаюзу РЭП. Судзьдзя Сьвятлана Волкава пагадзілася з хадайніцтвам і прызначыла паседжаньне суду на 10:00 23 сакавіка.

Перадгісторыя

Аляксей адбывае пакараньне на «хіміі» за супраціў і гвалт у дачыненьні да работнікаў Дзяржаўтаінспэкцыі. Бацька Аляксея, Алег Жалноў, зьяўляецца вядомым блогерам з Бабруйску, які здымае відэаролікі аб парушэньнях мясцовых даішнікаў і выкладвае іх у інтэрнэт. Ён упэўнены, што асуджэньне яго сына – гэта помста яму з боку працаўнікоў Дзяржаўтаінспэкцыі за абнародаваньне інфармацыі пра шматлікія парушэньні і злоўжываньні ўладай даішнікамі. Бацька і сын Жалновы мяркуюць, што Аляксей асуджаны незаконна, але аднавіць справядлівасьць праз суд ім пакуль не ўдаецца.

Аляксей знаходзіцца на «хіміі» зь лістапада 2014 году. Спачатку ён адбываў пакараньне ў Гомелі, куды пераехала і ягоная жонка. Пасьля таго, як Аляксей падаў прашэньне пра яго перавод у Бабруйск для адбыцьця тэрміну па месцы жыхарства, начальнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў (ДВП) наадварот накіравалі Аляксея далей ад дому – у горад Наваполацак, дзе ён знаходзіцца са жніўня 2015 году.

Працоўныя правы на «хіміі»

Знаходзячыся на «хіміі», Аляксей працягвае адстойваць свае законныя правы і інтарэсы – ужо ў працоўных стасунках з наймальнікам, адміністрацыяй ЛПП №8. Аляксею далі працу толькі дворнікам у ЛПП. Іншай працы яму не знайшлося, хаця ён мае вышэйшую адукацыю і можа працаваць інжынэрам-праграмістам, сыстэмным адміністратарам, праграмістам-дызайнэрам, мае спэцыяльнасьць таваразнаўцы, зборшчыка мэблі.

Цяпер Аляксей працуе з 8:00 да 17:00 зь перапынкам на абед, мае два выходныя на тыдзень – у суботу і нядзелю. І за гэтую працу ён атрымлівае на рукі чыстымі толькі крыху больш за мільён. Хоць мінімальная зарплата складае на сёньня 2 300 000 беларускіх рублёў.

Паводле расказу Алега Желнова, супраць Аляксея адміністрацыя папраўчай установы пастаянна чыніць правакацыі:

– то складаюць акты пра дрэнна прыбраную тэрыторыю «зоны» і пазбаўляюць прэміяльных выплатаў;

– то караюць за адмову згаліць бараду, чаго Аляксей не рабіў;

– то зьдзекліва вядуць відэаздымкі, як Аляксей робіць прыборку ў туалеце і правакуюць канфлікт;

– то па надуманых падставах абвінавачваюць у абразе службовай асобы.

На Аляксея адміністрацыя ўжо наклала чатыры дысцыплінарныя спагнаньні, і цяпер ён аспрэчвае яшчэ і адміністрацыйнае спагнаньне. У кожны момант адміністрацыя папраўчай установы можа ініцыяваць ўзмацьненьне рэжыму пакараньня.

Таму мясцовыя грамадзкія актывісты пастаянна прыходзяць у суд Наваполацку, калі там судзіцца Аляксей, каб падтрымаць яго маральна.

У калідорах суду

У судзе Аляксея пастаянна суправаджае работнік папраўчай установы адкрытага тыпу № 15 гораду Наваполацку. Дзесяць актывістаў 16 сакавіка знаходзіліся ў калідоры суду, пакуль судзьдзя Сьвятлана Волкава ў сваім габінэце вяла папярэднюю гутарку з бакамі працоўнага канфлікту. Гутарка доўжылася з 11:45 да абеду а 13:00. У гэты час у фае суду дзяжурны міліцыянт перапісаў усіх, хто прыйшоў актывістаў – так заведзена ў Наваполацкім судзе.

Аляксандар Марозаў

Залагініцца каб дадаць камэнтары