Панядзелак, 01 Май 2023

Жыхара Наваполацка суд арыштаваў на 30 сутак за пікет і распаўсюд экстрэмізму

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 17 красавіка пастанавіла арыштаваць на 30 сутак слесара-рамонтніка цэха №729 ААТ «Нафтан», сябра рэгіянальнага веласіпеднага клуба «Верста» Вячаслава Шэфа. Суддзя палічыла даказаным тое, што Вячаслаў распаўсюджваў у сацыяльных сетках "экстрэмісцкія матэрыялы" і правёў віртуальны пікет у інтэрнэце.

Доказам у судзе правапарушэнняў Шэфа сталі знойдзеныя на яго тэлефоне ў СС "Вконтакте" і "Інстаграме", падпіска на суполкі "Мая краіна Беларусь", "Наш край", уключаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Таксама мясцовыя міліцыянты выявілі падпіскі на «дэструктыўныя суполкі» - «Кардынацыйную раду» і «Анлайн-платформа Голас».

Таксама падчас агляду старонкі ў сацыяльнай сетцы «Instagram», якая належыла Вячаславу, у раздзеле «Падпіскі» вартавымі парадку былі выяўленыя падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы «Zerkalo.io», «Symbal.by», honestpeople.by/Сумленныя людзі», «cbshelp», "Фонд спартыунай салiдарнасцi", якія ўлады лічаць “экстрэмісцкіх матэрыяламі”. Там жа былі знойдзены фатаграфіі з БЧБ-мітынгу ў Наваполацку, размешчаныя ў сетках яшчэ напрыканцы ліпеня 2020 года.

Усе гэтыя фактычныя дадзеныя паслужылі доказам дэліктных паводзін Вячаслава. І паводле ч.2 арт.19.11 КаАП судзьдзя Балаболава пакарала яго арыштам, тэрмінам на 15 сутак і канфіскавала ў даход дзяржавы мабільны тэлефон «Xiaomi Redmi» і яшчэ на падставе ч.1 арт.24.23 КаАП, за праведзены пікет без дазволу ўладаў Шэф быў арыштаваны на пятнаццаць сутак.

Артур Палявы