Аўторак, 28 Люты 2023

«Віцебскае папаўненне» спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

На працягу лютага ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў былі дададзены больш як дзясятак розных інфармацыйных рэсурсаў, якія маюць дачыненне да Віцебшчыны – яны або створаны ў Віцебскай вобласці, або мясцовыя суды вынеслі пастановы папаўненне спісу.

Частка інфармацыйных рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі» – гэта старонкі вядомых грамадскіх актывістаў у сацыяльных сетках. Таксама ў пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў трапіў відэаролік з удзелам ксяндза Вячаслава Барка, размешчаны на ягоным асабістым YouTube-канале – так вырашыў суд Расонскага раёну.

Ксёндз Вячаслаў быў пробашчам ў Расонах, але цяпер вымушана жыве за мяжой. Гэтаксама як Ганна Федаронак, жыхарка Пастаўскага раёну, якая зазнала пераслед з боку сілавікоў у 2020-м годзе. Суд Пастаўскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі» старонкі актывісткі ў Фэйсбуку і ў «Одноклассниках».

Суд Мёрскага раёну прызнаў экстрэмісцкімі Telegram-каналы «Віцебск выйшаў на шпацыр» і «Historyja» – інтэрнэт-рэсурс, прысвечаны гісторыі Беларусі.

Суд Оршы і Аршанскага раёну залічыў у экстрэмісцкія інтэрнэт-рэсурсы групу ў Telegram пад назовам «Орша Раница», дзе публікуюцца матэрыялы пра гарадское самакіраванне.

Полацкі раённы суд прызнаў экстрэмісцкай старонку «ВКонтакте» актывіста з Гомельшчыны Андрэя Павука, які таксама вымушана пакінуў Беларусь.

Безумоўным лідарам па «экстрэмісцкіх пастановах» стаў суд Кастрычніцкага раёну Віцебску. Ён папоўніў адпаведны спіс адразу 9-цю інтэрнэт-рэсурсамі, дзе размяшчаліся навіны і аналітычныя матэрыялы, што да стану палітыкі, эканомікі ў Беларусі, а таксама расейска-беларускіх стасункаў.

Усяго два рэсурсы з агульнай лютаўскай колькасці насамрэч мелі экстрэмісцкі кантэнт – выявы фашыстоўскай свастыкі, партрэты Гітлера і г/д. Суд Чыгуначнага раёну Віцебску далучыў да спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў адпаведны Telegram-канал, а Глыбоцкі раённы суд – стыкеры для Telegram.

Феліцыян Красоўскі