Гэтая гісторыя пачалася ў красавіку бягучага году, калі Аддзел прымусовага выкананьня (АПВ) Кастрычніцкага раёну Віцебску зьвярнуўся ў суд, палічыўшы, што Аляксандар Антоненка не выплачвае грошы дзяржаве на ўтрыманьне свайго дзіцяці ў прытулку. Кіраўніцтва раённага АПВ папрасіла суд Кастрычніцкага раёну Віцебску абмежаваць спадару Антоненку права на выезд за межы краіны.
Судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Яўген Буруноў пагадзіўся з довадамі АПВ і сваім вызначэньнем 9 красавіка абмежаваў права Антоненки на выезд за межы Рэспублікі Беларусь. Аднак апошні не пагадзіўся з такім рашэньнем суду і зьвярнуўся з прыватнай скаргай у Віцебскі абласны суд.
У сваёй скарзе Аляксандар Генадзевіч сьцьвярджаў, што зьяўляецца ахвярай судовай памылкі і прасіў скасаваць як незаконную і неабгрунтаваную судовую пастанову. Ён прывёў неабвержныя факты таго, што судзьдзя Буруноў, прымаючы рашэньне па ягонай справе, не ўлічыў адсутнасьць запазычанасьці па выплаце расходаў на ўтрыманьне дзіцяці.
Па стане на 1 лютага 2015 году пераплата выдаткаў на ўтрыманьне на карысьць аддзелу адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкаму складала 476 рублёў. На 9 красавіка, калі судзьдзя выносіў вызначэньне па справе, запазычанасьць таксама адсутнічала – наадварот, была пераплата ў памеры 31 тысячы рублёў. То бок спадар Антоненка выконваў свае абавязкі перад дзяржавай цалкам, і прэтэнзіяў да яго быць не павінна.
Аднак судзьдзя Буруноў вырашыў па-свойму і вынес вэрдыкт, які абмежаваў права законапаслухмянага грамадзяніна. Пры гэтым прадэманстраваў беспрэцэдэнтную некампэтэнтнасьць, які падрываў давер і да яго як судзьдзі і кіраўніка раённага суду, і да судовай сыстэмы ў цэлым. І толькі дзякуючы досьведу і прафэсіяналізму судзьдзяў Віцебскага абласнога суду судовая памылка была выпраўленая, а правы грамадзяніна былі адноўленыя.