Серада, 29 Чэрвень 2022

Андрэю Патрэбку, ужо асуджанаму за за абразу Аляксандра Лукашэнкі, вынеслі новы прысуд

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)


У судзе Полацкага раёну і гораду Полацку 28 чэрвеня вынесены яшчэ адзін прысуд жыхару пасёлка Фарынава Андрэю Патрэбку – цяпер за абразу прадстаўнікоў улады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу). На момант суду ён ужо быў асуджаны да 3-х гадоў так званай «хатняй хіміі» за абразу Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу). Цяпер суддзя Уладзімір Бясецкі прысудзіў Андрэю  Патрэбку 4 гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу.

Паводле абвінавачання, з 5 жніўня 2020 года па ліпень 2021г., падсудны неаднаразова ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» размяшчаў зняважлівыя і абразлівыя каментары ў адрас Наталлі Качанавай, Уладзіміра Макея і іншых афіцыйных асоб, і рабіў гэта з выкарыстаннем ненарматыўных формаў моўнага выказвання. Адным з пацярпелых у гэтай справе прызнаў сябе Юрый Караеў, які займаў пасаду  Міністра ўнутраных справаў да 20 кастрычніка 2020г. Ён напісаў заяву ў суд, каб спагнаць з абвінавачанага матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды памерам 1 000 рублёў.

Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы было ўказана, што падсудны падпісаны на розныя пратэсныя чаты і групы, і што ён рабіў рэпосты відэаролікаў у сацыяльных сетках. Але ў апошнім слове Андрэй Патрэбка заявіў, што прызнае сваю віну цалкам, што ніякіх стасункаў з апазіцыяй не меў і падтрымлівае дзяржаўную палітыку. А каментары пісаў пад уздзеяннем эмоцый.

Дзяржабвінаваўца, памочнік пракурора Валерыя Гаралевіч запрасіла для Андрэя Патрэбкі два гады абмежавання волі з накіраванне ва ўстанову адкрытага тыпу. Паколькі 17 траўня 2022 г. ён ужо быў асуджаны на тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, шляхам частковага складання абвінавачанняў канчаткова прызначыць абмежаванне волі ва ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на чатыры гады. Суддзя Уладзімір Бясецкі падтрымаў прапанову  дзяржабвінаваўцы і прысудзіў Андрэю Патрэбку 4 гады «хіміі» з накіраваннем у ПУАТ.

Міхась Хмара