У судзе Полацка і Полацкага раёна 17 траўня вынесены прысуд па крымінальнай справе Андрэя Патрэбкі, які, па версіі следства, абразіў прэзідэнта Беларусі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Прычым рабіў гэта ў абразлівай і цынічнай манеры больш чым два дзесяткі разоў.
Справу разглядае суддзя Віктар Баліка, дзяржабвінаваўца — старшы памочнік пракурора Таццяна Коцур.
Андрэя Патрэбку затрымалі 24 снежня 2021 года. Да затрымання ён працаваў у Наваполацку брыгадзірам-цесляром у фірме "РэгіёнБудПолацк" па дамове падраду. Халасты, дзяцей няма. Жыве ў пасёлку Фарынава.
Паводле абвінавачання, з 5.08.2020 па 11.08.2021 года, Патрэбка, дзейнічаючы са злачынным намерам, выказваючы адкрытую непрыязнасць і маючы намер на публічнае прыніжэнне і абразу годнасці дзеючага прэзідэнта Лукашэнкі, у сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" і "Аднакласнікі" неаднаразова размяшчаў розныя тэксты абразлівых паведамленняў. Усяго ў справе фігуруюць 25 эпізодаў.
Абвінавачанне запрасіла тры гады "хіміі" для жыхара пасёлка Фарынава за абразу прэзідэнта
І хаця вынікі лінгвістычнай экспертызы сведчаць пра тое, што частка выказванняў Андрэя Патрэбкі пра Аляксандра Лукашэнку і Наталлю Качанаву хоць і ўтрымліваюць ненарматыўную лексіку, але не маюць негатыўных ацэнак, памочніца пракурора Таццяна Коцур запрасіла пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады.
Суд пастанавіў прызнаць Андрэя Патрэбку віноўным і вынес наступнае пакаранне: тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія").
Пасля 8 месяцаў зняволення Патрэбка вызвалены з-пад варты ў залі суда.
Крыніца: Тры гады "хатняй хіміі" за шматразовую абразу прэзідэнта: у Полацку вынесены прысуд Андрэю Патрэбку