Суддзя Віталь Лапко пакараў падсуднага абмежаваннем волі на паўтара года. Цяпер Данііл Раманаў адбывае пакаранне ў менскай ПУАТ-55. Таксама суд абавязаў яго выплаціць камандзіру АМАПу 1 500 рублёў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.
Крымінальную справу супраць жыхара Наваполацку распачалі праз год пасля з’яўлення каментара. 16 лістапада 2021-га году былі праведзеныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, падчас якіх вывучаўся акаўнт і профіль, з якога быў напісаны каментар. 16 сакавіка 2022 году прыйшлі да высноваў, што акаўнт належыць Даніілу Раманаву. Высветлілася, што ён з’яўляецца ўдзельнікам і некалькіх Telegram-супольнасцяў, у тым ліку прызнаных «экстрэмісцкімі».
На этапе следства Данііл Раманаў прызнаў, што каментар пра Балабу напісаў ён. Суд расцаніў ягонае прызнанне як акалічнасць, якая магла б паспрыяць змякчэнню пакарання. Аднак гэтага не адбылося, бо суд улічыў, што раней Данііл Раманаў быў асуджаны паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Таму суддзя Лапко вырашыў, што пакаранне павінна быць звязана з кантролем ва ўмовах папраўчай установы. 11 дзён таму хлопца накіравалі адбываць паўтара гады «хіміі» у ПУАТ-55 Менску.
Міхась Хмара