Суд Чыгуначнага раёну Віцебску абавязаў таксама Васіля Глушакова выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым міліцыянтам – па 1000 рублёў кожнаму. Апроч таго, суддзя Алена Грабянчук пастанавіла канфіскаваць у мужчыны мабільны тэлефон – як прыладу злачынства.
Каментар, за які быў асуджаны Васіль Глушакоў, быў пакінуты 7 лютага 2021 году ў групе «Вусаты Таракан» у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» пад постам пра тое, як дубровенскія міліцыянты канфіскоўвалі паветраныя шарыкі. Нагадаем, 15 студзеня ў Дуброўне за бел-чырвоныя стужкі быў арыштаваны і асуджаны на 7 сутак мясцовы прадпрымальнік Міхаіл Чамурака. У ягоным доме тады адбыўся ператрус – былі канфіскаваныя шарыкі, якія віселі на акне.
«Супрацоўнікі Дубровенскага РАУС канфіскоўвалі шарыкі, а два вызначыліся тым, што рызыкавалі нават здароўем і жыццём… І я не канкрэтна ім адказаў, а адказаў таму, хто даваў заўвагі. Я напісаў, што «два ДБ». Так, скарочана», – расказаў пасля абвяшчэння прысуду Васіль Глушакоў.
Мужчына знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і збіраецца абскардзіць прысуд, які пакуль не набыў законнай моцы.
Жамчужны: Гэта жорсткі прысуд
На думку былога палітвязня і праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, прысуд Глушакову «не адэкватны ўчыненаму».
«Вельмі здзіўляюся жорсткасці і несправядлівасці рашэнняў судовых органаў. Я не ведаю, дзе навучаліся суддзі і якіх мэтаў дамагаюцца, але лічу, што гэта вельмі жорсткі прысуд. Некаторыя кажуць, што паўтара года «хіміі» – гэта больш жорстка, чым паўтара года ў калоніі. Хлопцы скардзяцца, што там ніякіх бытавых умоваў няма», – сказаў Міхаіл Жамчужны.
Уладзімір Бяляўскі