Пра тое, што пракурорка Надзея Міцько прынесла пратэст на пастанову аб скасаванні справы, Змітру Лупачу паведамілі афіцыйным лістом з суду Докшыцкага раёну. Прычым падпісаў паперу суддзя Дзяніс Корсак – той самы, які вынес рашэнне аб спыненні справы.
Стала таксама вядома, што рашэнне суддзі абскардзіў яшчэ і начальнік Докшыцкага РАУС Сяргей Каралевіч.
Журналісту паведамілі, што разгляд пратэсту адбудзецца ў Віцебскім абласным судзе 9 чэрвеня (пачатак паседжання ў 11.00).
Нагадаем, падставай для складання пратаколу на Змітра Лупача стаў фельетон на YouTube-канале «Белсату» пад назвай «Леніна знайшлі загорнутым у цэлафан». Пратакол на журналіста склаў маёр міліцыі Докшыцкага РАУС Андрэй Юргель.Сведкам на судзе праходзіў мясцовы краязнаўца Кастусь Шыталь – герой фельетону. На судзе ён заявіў, што што запісвала яго падчас здымак сюжэту жанчына, а не Зміцер Лупач. Суддзя Корсак спыніў справу праз недаказанасць віны Змітра Лупача.
Зміцер Міраш