Гэтая гісторыя пачалася ў кастрычніку 2020 году, калі жанчына напісала каментар, выкарыстоўваючы мабільны тэлефон, са свайго ўліковага запісу ў групе «Тыповы Віцебск» у «Instagram».
Паводле абвінавачання, у публікацыі змяшчалася непрыстойны выраз у лаянкавай форме аб выкананні супрацоўнікам АУС адміністрацыі Першамайскага раёну сваіх службовых абавязкаў па ахове грамадскага парадку. Тым самым віцяблянка нібыта замахнулася на аўтарытэт, гонар і годнасць прадстаўніка ўлады.
У судзе жанчына прызнала сваю віну і датычнасць да абразы. Патлумачыла прычыну свайго ўчынку наяўнасцю абразлівых каментароў іншых карыстальнікаў пад выстаўленым фатаздымкам міліцыянта ў «Instagram», які выклікаў у яе негатыўныя эмоцыі.
Дзяржаўны абвінаваўца палічыў віну падсуднай ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў даказанай і прапанаваў суду пакараць яе абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў. Пры вынясенні выраку суд пагадзіўся з меркаваннем пракурора.
Міхась Пісараў