Справу разбірае суддзя Дзяніс Аляксеенка. Па версіі абвінавачання, 44-гадовы Павел Краско цягам 2019-2020 гадоў у сваім службовым кабінеце, а таксама па месцы жыхарства «з карыслівых разлікаў і з мэтай асабістага ўзбагачэння, выкарыстоўваючы свае службовыя абавязкі, учыніў шэраг цяжкіх злачынстваў супраць інтарэсаў службы».
У матэрыялах крымінальнай справы фігуруе некалькі эпізодаў.
Прыкладам, сцвярджаецца, што 30 снежня 2019 году абвінавачаны, знаходзячыся на месцы працы, атрымаў ад прадстаўніка арганізацыі «Віцебскхолад», якая ажыццяўляла працы на аб'ектах установы адукацыі Першамайскага раёну, пакет, у якім знаходзілася пляшка «Савецкага» шампанскага коштам 4 рублі 69 капеек, каробка цукерак коштам не менш за 10 рублёў, пляшка віскі коштам не менш за 25 рублёў, адрыўны каляндар і канверт з 300 доларамі.
«Такім чынам Краско прыняў для сябе ў якасці хабару матэрыяльных каштоўнасцяў на агульную суму не менш за 671 рубель 64 капейкі», – заявіў дзяржабвінаваўца і памочнік пракурора гораду Аляксандр Філіпенка.
Апроч таго, «са студзеня 2020 году да 27 ліпеня 2020 году, дакладная дата не ўстаноўленая, на месцы працы і па месцы жыхарства» за забеспячэнне падрадных работ на абʼектах адукацыі атрымаў ад прадстаўніка СП «Візір» матэрыяльных каштоўнасцяў на суму 2700 рублёў 41 капейка, у тым ліку 1200 рублёў, кухонную выцяжку, варачную паверхню і духавую шафу.
Таксама, па версіі следства, Краско атрымаў не менш за 3800 рублёў ад прадстаўніка арганізацыі «Витсантехстрой». Спачатку 1200 рублёў, потым 2600 рублёў. 23 кастрычніка, пасля атрымання 2600 рублёў, чыноўнік і быў затрыманы, з таго часу знаходзіцца пад вартай.
Наступнае судовае паседжанне, на якім павінны выступіць сведкі, адбудзецца 15 траўня. Пачатак у 10.00.
Уладзімір Бяляўскі