Суд над Генадзем Бердзянёвым адбыўся ў самай вялікай зале Полацкага суду. Суддзя Уладзімір Бясецкі, які зараз выконвае абавязкі старшыні Полацкага суду, аштрафаваў палачаніна на 135 рублёў (5 базавых велічынь).
Бердзянёў не адмаўляўся ад таго, што ўдзельнічаў у шэсці з накінутым на плячах бел-чырвона-белым сцягам і выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь!» Але сваёй віны ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП) не прызнаў. Заявіў, што ягоныя дзеянні не парушалі асноўнага Закону краіны – Канстытуцыі.
Пратакол на актывіста склаў капітан міліцыі Віктар Кураш, які на судзе прызнаўся, што ў райаддзеле міліцыі выяўляюць усіх удзельнікаў шэсця па Полацку 30 жніўня – для прыцягнення іх да адказнасці.
Генадзь Бердзянёў прыйшоў на суд з пакетам неабходных рэчаў для адседкі, бо быў гатовы да арышту. Раней яго прэвентыўна затрымлівалі 8 жніўня і выпусцілі толькі 14 жніўня.
Стала вядома, што 5 верасня затрымалі яшчэ двух удзельнікаў шэсця, якіх у панядзелак асудзілі ў РАУС: аднаго пакаралі штрафам у памеры 3 базавыя велічыні, другога – адміністрацыйным арыштам на 3 сутак, якія абвінавачаны ўжо адседзеў па факце.
Аляксандр Марозаў