Паводле пратаколу, складзенага 24 жніўня міліцыянтам Віталём Пралічам, 29 ліпеня Дзьмітрый Каралькоў, выйшаў з будынку АУС і зладзіў «несанкцыянаванае пікетаваньне з выкарыстаньнем сьцяга бел-чырвона-белага колеру». Пазіраваў для фатаграфаваньня з бел-чырвона-белым сьцягам на фоне аддзяленьня міліцыі, а пасьля разьмясьціў фота ў інтэрнэце, «чым публічна выказаў асабістыя інтарэсы».
У рапарце, які склаў той жа Праліч, міліцыянт паведамляе, што фота знайшоў у інтэрнэце падчас маніторынгу телеграм-чату «Віцебск для жыцьця». Сам момант фатаграфаваньня супрацоўнік МУС ня бачыў.
Сфатаграфаваўся на памяць
Дзьмітрый Каралькоў паведаміў на судзе, што 29 ліпеня ехаў па горадзе на аўто з высунутым у фортку бел-чырвона-белым сьцягам. Каля 19.00 яго спынілі супрацоўнікі ДАІ, даставілі ў Кастрычніцкае РАУС, а машыну арыштавалі (за нібыта «перабітыя нумары»). Адпусьцілі Дзьмітрыя праз 4 гадзіны. Паводле ягоных словаў, на выхадзе з аддзяленьня яго чакалі неабыякавыя грамадзяне, і ён вырашыў «сфатаграфавацца на памяць». Заявіў на працэсе, што аніякіх мэтаў і асабістых інтарэсаў не перасьледаваў.
Сьцьвердзіў, што ніякай палітыкі ў тым не было, а бел-чырвона-белы сьцяг ёсьць нацыянальна-культурнай каштоўнасьцю.
«Чыёй нацыянальнай каштоўнасьцю? Асабіста вашай?..» – запытаўся судзьдзя.
Судзьдзя Уладзімер Царыкаў палічыў Дзьмітрыя Каралькова вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і пакараў яго штрафам у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў).
Пасьля суду Дзьмітрыя зноў затрымалі
Але толькі штрафам не абышлося. На выхадзе з суду Дзьмітрый быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным адзеньні. Аказалася, на Каралькова завялі яшчэ адну адміністрацыйную справу.
Увечары 4 верасьня тэлефон Дзьмітрыя быў недасяжны. Хутчэй за ўсё, віцябляніна да панядзелка кінулі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ).
Уладзімер Бяляўскі