Суд праходзіў у анлайн-рэжыме. Алену Янушкоўскую затрымалі 31 жніўня ў другой палове дня ў доме яе дачкі Юліі. Суткі да суду блогерка правяла за кратамі віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня.
Згодна з пратаколам, 20 жніўня Янушкоўская, знаходзячыся на адным з бальконаў дому №12 корп.1 па праспэкце Будаўнікоў у Віцебску, узяла ўдзел у недазволеным уладамі пікетаваньні: «размахвала бел-чырвона-белым сьцягам, дэманстравала рукамі розныя жэсты, выгуквала лёзунгі». Гэткім чынам выказвала свой пратэст супраць парадку правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў.
Алена Янушкоўская пацьвердзіла, што была на тым самым бальконе 30 жніўня, але сваімі дзеяньнямі выказвала не пратэст, а вітаньні мірным пратэстоўцам, якія рухаліся па ходніках. Сьцягам размахвала, але лёзунгаў ніякіх не выгуквала. Заявіла таксама, што знаходжаньне на гаўбцы прыватнай кватэры, няхай сабе і са сьцягам, ніяк нельга трактаваць як удзел у несанкцыянаваным пікетаваньні.
«У вашай моцы зрабіць са мной што заўгодна: аштрафаваць, пасадзіць на суткі, расстраляць урэшце, давайце ўжо выносьце вырак. Сьмешна проста!» – эмацыйна рэагавала Янушкоўская на пытаньні судзьдзі Міхаіла Зубені.
З пратаколам Янушкоўская не пагадзілася, ад свайго ўдзелу ў масавым мерапрыемстве адмовілася.
Тым ня менш, суд палічыў удзел Алены Янушкоўскай у несанкцыянаваным пікетаваньні даказаным. Судзьдзя Міхаіл Зубеня ўгледзеў у яе дзеяньнях склад адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага ч.3 арт. 23.34 КаАП і аштрафаваў на 35 базавых велічыняў.
Пасьля абвяшчэньня судовага рашэньня Янушкоўскую мусілі выпусьціць з ізалятару часовага ўтрыманьня. Але актывісты, якія сустракалі яе каля ІЧУ, так і не дачакаліся вызваленьня блогеркі. Як аказалася, яна адразу пасьля анлайн-паседжаньня была затрыманая да наступнага суду, які адбудзецца заўтра. Такім чынам, Алена Янушкоўская правядзе яшчэ адны суткі ў ізалятары. За што будуць яе судзіць 2 верасьня – пакуль невядома.
С. Горкі