Серада, 25 Сакавік 2020

Каронавірус: гарвыканкам адказаў на патрабаваньне ўвесьці карантын у школах

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Фота ілюстратыўнае: typical.if.ua Фота ілюстратыўнае: typical.if.ua

Віцебскі гарвыканкам даў афіцыйны адказ на патрабаваньне праваабаронцы Леаніда Сьвеціка неадкладна ўвесьці карантын у навучальных установах гораду. «З улікам прафіляктычных мерапрыемстваў для папярэджваньня і мінімізацыі распаўсюду каронавіруснай інфэкцыі ў горадзе Віцебску прыняцьце дадатковых мер на дадзены момант не патрабуецца», – лічаць улады.

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуўся ў гарвыканкам з патрабаваньнем закрыць віцебскія школы на карантын яшчэ 12 сакавіка. У звароце падрабязна пералічыў захады, якія варта было б зрабіць уладам дзеля аховы здароўя і жыцьця віцяблян – аж да забароны выходзіць са свайго жыльля. Але, паводле гарвыканкаму, ніякія дадатковыя захады на сёньня непатрэбныя. Гэтак лічыць намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын.

«У цяперашні час санітарна-супрацьэпідэмічныя і лячэбна-дыягнастычныя мерапрыемствы ў Віцебску ладзяцца ў адпаведнасьці са службовымі і распарадчымі дакумэнтамі Міністэрства аховы здароўя з улікам эпідэмічнай сытуацыі, якая складваецца ў краіне і ў сьвеце», – паведамляе Глушын.

Сярод пералічаных захадаў – узмацненьне дэзінфэкцыйнага рэжыму, санітарна-карантынавы кантроль тых, хто прыяжджае з-за мяжы, ізаляцыя і лячэньне асобаў з падазрэньнем на каронавірус, а таксама – «правядзеньне сярод насельніцтва інфармацыйна-асьветніцкай работы».

Чыноўнік: Прыняцьце дадатковых мер не патрабуецца...

«Неабходнасьці ўвядзеньня карантынавых мерапрыемстваў у навучальных установах гораду на дадзены момант няма. У ВНУ гораду скарэктаваны час пачатку заняткаў. Ад 30 скавіка ў навучэнцаў сярэдніх школ пачынаюцца вясеньнія вакацыі», – супакойвае чыноўнік.

Зьвяртае ўвагу на тое, што эфэктыўнасьць зробленых захадаў залежыць непасрэдна ад «асабістай адказнасьці кожнага чалавека».

«Інфармацыя аб эпідэміялягічнай сытуацыі ў горадзе і краіне і мерах, накіраваных на стрыманьне распаўсюду каронавірусу, рэгулярна паведамляецца ў друкаваных СМІ, а таксама на Інтэрнэт-рэсурсах», – сьцьвярджае Віктар Глушын.

Запэўнівае, што «ў горадзе адмененыя ўсе мерапрыемствы з удзелам замежных грамадзян».

У выніку чыноўнік гарвыканкаму прыходзіць да высновы, што «прыняцьце дадатковых мер у горадзе Віцебску на дадзены момант не патрабуецца».

Сьвецік: Я бачу праблемы…

Праваабаронца Леанід Сьвецік прызнаецца, што расчараваны такім адказам гарадзкіх уладаў. Ён расказвае, што напісаў зварот пасьля таго, як азнаёміўся з афіцыйнай статыстыкай забясьпечанасьці ў горадзе лекарамі. Гэтак, паводле нарматыву, 1 тэрапэўт павінен прыходзіцца на 1471 чалавек. У Віцебску – 1 на 1700 чалавек (2019 год). То бок недахоп толькі тэрапэўтаў у горадзе складае 14%...

«Я бачу праблемы і ў навучэнцаў школ. Валодаю інфармацыяй, што напаўняльнасьць клясаў складае зараз ад 20% да 60%. У значнай ступені навучальны працэс ужо парушаны. Вялікая частка вучняў, якія не наведваюць заняткі, вучэбную праграму не засвоіць і заўважна адстане ад іншых. Якім чынам будзе выроўнівацца гэтае адставаньне – пакуль невядома», – кажа Леанід Сьвецік.

«На жаль, адсутнічае дэталізаваная інфармацыя аб колькасьці людзей, якія пацярпелі ад каронавірусу ў Віцебску. З агульных лічбаў па Беларусі нельга даведацца пра рэальную сытуацыю ў Віцебску: колькі захварэла, колькі вылечылася. Менавіта гэта спараджае чуткі і панічныя настроі», – дадае праваабаронца.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.