Чацвер, 28 Лістапад 2019

Былы намесьнік старшыні Браслаўскага райвыканкаму асуджаны на 3,3 гады – з адтэрміноўкай

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Браслаўскі райвыканкам. Фота: braslav-star.by Браслаўскі райвыканкам. Фота: braslav-star.by

Суд Глыбоцкага раёну скончыў разгляд крымінальнай справы, распачатай супраць былога намесьніка старшыні Браслаўскага райвыканкаму. Чыноўнік прызнаны вінаватым у перавышэньні службовых паўнамоцтваў і прысуджаны да 3-х гадоў і 3-х месяцаў пазбаўленьня волі. Але – з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня…

Паводле прысуду, апублікаванага прэс-службай Віцебскага абласнога суду, у 2017 годзе абвінавачаны згадзіўся на прапанову свайго начальніка – старшыні райвыканкаму Ўладзімера Дранеўскага, выкарыстаць 5 тыс. 750 рублёў, атрыманых раёнам за перамогу ў «сацспаборніцтвах», на прэміі кіраўнікам. Гэткімі дзеяньнямі прычынілі пацярпелым маёмасную шкоду ў памеры 1 тыс. 125 рублёў.

Абвінавачаны Ч. цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ва ўчыненым злачынстве.

Суд Глыбоцкага раёна прысудзіў былога чыноўніка да 3-х гадоў і 3-х месяцаў зьняволеньня і пазбавіў права 5 гадоў займаць кіраўнічыя пасады. Але, на падставе ч.2 арт.77 КК, у дачыненьні да абвінавачанага ўжытая адтэрміноўка выкананьня асноўнага пакараньня тэрмінам на 2 гады і 3 месяцы.

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Нагадаем, што 2 сьнежня ў Віцебску пачнецца працэс над былым непасрэдным начальнікам абвінавачанага – экс-кіраўніком Браслаўскага райвыканкаму Уладзімерам Дранеўскім і ягонай жонкай, якая кіравала аддзелам эканомікі. Яны былі затрыманыя ў ліпені 2018 года як падазраваныя ў атрыманьні хабару. Паводле МУС, сума атрыманага хабару складала каля 28 тыс. еўра.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.