Працэс вёў судзьдзя Станіслаў Трапук. Зьмітра судзілі па ч.2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і па ч.1 арт. 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
У першым выпадку журналіста судзілі за сюжэт на тэлеканале “Белсат”, у другім – за тое, што на Дзень Волі ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг.
Як напісалі міліцыянты ў пратаколе, такім чынам ён публічна выказаў свае палітычныя інтарэсы ў сувязі з гадавінай БНР. Судзьдзя Станіслаў Трапук напачатку агучыў, што па першай справе Зьмітра штрафуе на 36 базавых велічыняў, па другой – на 10, а ў сукупнасьці шляхам частковага складаньня – на 40 базавых велічыняў, што складае 1020 рублёў.
“Можа, усё ж асоба судзьдзі нешта значыць, бо, наколькі я ведаю, пра яго ў нас заўсёды добра адзываліся, самы паважаны з глыбоцкіх судзьдзяў. Ён доўгі час быў старшынём суду ў Глыбокім. Магчыма, і таму. Я ведаю, што яго прызначылі, калі мяне памяць не падманвае, у 1993 годзе старшынём суду. І якраз пад гэтым сьцягам ён судзіў людзей...” – камэнтуе “зьніжку” ад глыбоцкага судзьдзі Зьміцер Лупач.
Напрыканцы судовага пасяджэньня судзьдзя Станіслаў Трапук сказаў, што ў Глыбоцкі РАУС будзе накіраваны ліст наконт недахопаў, якія былі выяўленыя пры разглядзе справы. А распачалі справы на журналіста Зьмітра Лупача і перадалі іх у суд лейтэнант міліцыі Віктар Гірын і капітан міліцыі, старшы інспэктар па дазвольнай рабоце аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Глыбоцкага РАУС Сяргей Цырбан. Ён, дарэчы, выступаў таксама ў якасьці сьведкі разам з курсантам міліцыі Аляксеем Юргелем па справе, якую распачаў на журналіста лейтэнант глыбоцкай міліцыі Віктар Гірын.
Падчас сьвяткаваньня Дня Волі Сяргей Цырбан разам зь іншымі міліцыянтамі здымаў глыбоцкіх актывістаў на відэакамэру.