Справу ў судзе Полацкага раёну і г.Полацку разглядала 11 сакавіка судзьдзя Юлія Каласоўская. Палачанін Юры Бельскі патрабаваў, каб аўтапарк кампэнсаваў яму маральную шкоду за непраўдзівую інфармацыю пра паслугу перавозкі пасажыраў ды адсутнасьць выбару паслугі па звычайным кошце. Адзначым, што судзьдзя разглядала справу без пазоўніка і пры гэтым не дапусьціла да ўдзелу ў працэсе ягонага прадстаўніка – старшыню Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалая Шараха.
Хітры “хуткасны” маршрут
Полацкі аўтапарк выконвае перавозкі пасажыраў па гарадзкім маршруце № 28э ў рэжыме экспрэс-паслугі – за падвышаную плату. Кошт квіткоў за праезд у экспрэсе даражэйшы на 10 капеек, а праязныя і школьныя даведкі ня дзейнічаюць.
Але пры гэтым аўтобус хадзіў як звычайны – з усімі прыпынкамі. Гэта, на думку пазоўніка, парушае правілы перавозак, бо хуткасныя перавозкі, у параўнаньні з рэгулярнымі, прадугледжваюць удвая меншую колькасьць прыпынкаў.
Да таго ж звычайнага маршруту (№ 28) да нядаўніх часоў у Полацку наогул не існавала. На ўсіх прыпынках быў пазначаны толькі экспрэс-маршрут № 28э (“Марыненка – Аэрадром”).
На тое, што 28-ы аўтобус ходзіць як звычайны, а каштуе як хуткасны, палачане скардзіліся ў дзяржаўныя органы неаднойчы. “Прасьцей кажучы, полацкі аўтапарк “сумленна” залазіў у кішэнь пасажыру, выконваючы толькі ўскладзеныя на яго абавязкі звычайнай перавозкі”, – кажа Юры Бельскі.
Ягоны пазоў, які разглядалі ў судзе 11 сакавіка, быў ужо трэці па ліку. Раней суд адмаўляў Юрыю ў абароне ягоных правоў спажыўца, прызнаючы пры гэтым “некаторыя парушэьні” ў працы аўтапарку.
Звычайны маршрут зьявіўся ў дзень суду
На судовым паседжаньні 11 сакавіка аўтапарк прадстаўлялі юрыст Алег Рудніцкі і намесьнік дырэктара Мікалай Лапатко. Усе яны, а таксама прадстаўнікі трэцяга боку, катэгарычна не згаджаліся, што арганізацыя перавозак аўтапаркам прычыняе пасажырам маральную шкоду.
У выніку судзьдзя Каласоўская адмовіла Юрыю Бельскаму ў сплаце маральнай шкоды і абавязала яго выплаціць судовае мыта. Згодна са зьменамі ў Падаткавым кодэксе ад 1 студзеня 2019 году, спажыўцы пры абароне сваіх правоў у судзе вымушаныя сплачваць дзяржмыта, калі прайграюць справу. Як зазначыла судзьдзя Каласоўская, “каб спажыўцы не злоўжывалі сваімі правамі”.
Але цікава: якраз у дзень паседжаньня ў горадзе раптам адкрыўся звычайны маршрут №28. Як гаворыцца на сайце аўтапарку, “у якасьці экспэрымэнту”. У той жа дзень на ўсіх прыпынках маршруту зьявіліся новыя расклады руху. Што праўда, на 22 экспрэс-маршруты прыпадае толькі 2 звычайныя рэйсы – зранку і ўвечары.
На слупах зьявіліся новыя расклады. Апошні ўнізе - новага "экспэрымэнтальнага" маршруту №28
Юры Бельскі мае намер абскардзіць рашэньне суду.
Аляксандар Марозаў, фота аўтара