Супраць турэцкага грамадзяніна высунутыя абвінавачаньні паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 207, частка 3 («разбой, зьдзейсьнены арганізаванай групай, альбо са зьдзяйсьненьнем цяжкага цялеснага пашкоджаньня, альбо з мэтай завалоданьня маёмасьцю ў асабліва буйным памеры») і 139, частка 2, пп. 6,12 («забойства, зьдзейсьненае з асаблівай жорсткасьцю» і «забойства з карысьлівых памкненьняў»). Абвінавачаны сваю віну не прызнае.
Склад суду: судзьдзя Дашкевіч Тацяна Антонаўна і народныя засядацелі Казіміранка Сяргей Леанідавіч і Кавалеўская Вольга Мікалаеўна; дзяржаўны абвінаваўца: пракурор Лутаў Дзьмітры Міхайлавіч; абаронца: Шаўчэнка Тацяна Ўладзімераўна, адвакат юрыдычнай кансультацыі № 2 гораду Віцебску. Паколькі абвінавачаны не валодае расейскай мовай, на якой вядзецца суд, на працэс ў якасьці перакладчыка на турэцкую была запрошаная Дучынская Тацяна Сяргееўна, якая працуе на факультэце міжнародных адносін у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.
Пацярпелым у гэтай справе быў прызнаны бацька забітай, які пастаянна пражывае ў Банглядэш. У Беларусь для ўдзелу ў працэсе ён прыехаць ня змог. Яго інтарэсы мусіў прадстаўляць Хасан Iмрул Махамад, Але ў працэсе сьледзтва ён быў дапытаны ў якасьці сьведкі і ў якасьці такога заяўлены на суд, а таму ня можа прадстаўляць нічыіх інтарэсаў.
У першы дзень суду удзельнікам працэсу былі растлумачаны іх правы і абавязкі, быў дапытаны адзін сьведка, а таксама зачытаны пратакол допыту абвінавачанага і некаторыя матэрыялы крымінальнай справы (банкаўскія выпіскі, ліставаньне ў сацыяльных сетках забітай са сваім братам і іншыя).
Дапытаны ў якасьці сьведкі Хасан Iмрул Махамад працуе лекарам у менскай паліклініцы. Нарадзіўся ў Банглядэш, але ўжо больш за 30 гадоў пражывае ў Беларусі. Паводле яго паказаньняў, забітая – яго суайчыньніца Попі Сахаруна Ясьлін – прыехала ў Беларусь некалькі гадоў таму і паступіла вучыцца ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Потым, зь не зусім зразумелых прычынаў, яна запытала ў нашай краіне прытулак і была зьмешчаная ў Пункт часовага пасяленьня ўцекачоў у горадзе Віцебску, дзе і была забітая ўвечары 6 лютага 2018 году.
Згодна з вэрсіяй сьледзтва, падставай для злачынства сталі матэрыяльныя рэчы, выкрадзеныя ў забітай – ноўтбук, мабільны тэлефон, і каля 2000 эўра, а таксама нязначная колькасьць беларускіх рублёў і грашовых адзінак Банглядэш – банглядэскіх такі.
Што тычыцца абвінавачанага, ён таксама пражываў у будынку Пункту часовага пасяленьня ўцекачоў. Паводле яго словаў, ён меў намер транзытам празь Беларусь патрапіць у Нямеччыну, дзе і асесьці. У сябе на радзіме ён працаваў пастухом у вёсцы і, каб паехаць у Нямеччыну, вымушаны быў прадаць усё сваё быдла. Скончыў два клясы школы, жанаты і мае траіх дзяцей узростам ад аднаго да шасьці гадоў. Раней да крымінальнай адказнасьці не прыцягваўся.
Даваць паказаньні па справе ў судзе грамадзянін Турэччыны адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што ёсьць пратаколы допыту і гэтага дастаткова. Паводзіў сябе ён пасіўна – сядзеў ціха, ніякіх эмоцыяў не выяўляў, у судовы працэс ня ўмешваўся. Адзінае пытаньне, якое ён задаў сьведку, а хутчэй і ўсім удзельнікам працэсу: «Як я мог яе забіць, калі яна мне дапамагала, паіла мяне гарбатай?» Мяркуючы па выглядзе і настроі турка, ён не зусім усьведамляў, дзе знаходзіцца і чаго ад яго хочуць.
Уладзімер Бяляўскі