Падзеі, якія сталі нагодай для судовага разбору, адбыліся двума месяцамі раней. 23 траўня спадар Місьнікаў зьвярнуўся па мэдычную даведку, якая пацьвердзіла б адсутнасьць у яго псыхіятрычнага ці наркалягічнага ўліку. Але работнікі ўстановы здароўя даведку не далі, спаслаўшыся на тое, што ён нібыта ухіліўся ад дзеяньняў, прадугледжаных пунктам 7.6 пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыцьцяўляюць дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі па заявах грамадзян.
У судзе грамадзянін Місьнікаў спрабаваў аспрэчыць пісьмовы адказ галоўнага лекара ВАКЦПіН Алены Мартынавай наконт гэтага ад 7 чэрвеня і адказ начальніка ўпраўленьня аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму Юрыя Дзеркача аб прызнаньні скаргі на дзеяньні лекараў неабгрунтаванай ад 25 траўня.
Падчас разгляду скаргі ніводзін з адказчыкаў (А. Мартынава, Ю. Дзяркач) у суд не зьявіўся, а іх інтарэсы ў судовым разглядзе і спрэчках прадстаўляла юрыстка ВАКЦПіН.
У ходзе судовых спрэчак Валер Місьнікаў спрабаваў быў давесьці, што атрыманьне мэдычнай даведкі не прадугледжвае прымусовага агляду ў лекара-псыхіятра і парушае канстытуцыйнае права на атрыманьне канкрэтных зьвестак пра сябе. Зьвярнуўшыся ў рэгістратуру, грамадзянін не патрабаваў талёна да лекара, які яму супраць яго волі быў прапанаваны і якім ён не захацеў скарыстацца.
Пазоўнік разьлічваў атрымаць заключэньне, якое пацьвярджала б, што ён не стаіць на псыхіятрычным ці наркалягічным уліку. У гэтым выпадку ён кіраваўся Пастановай Міністэрства аховы здароўя № 92 ад 09.07.2010, якая рэглямэнтуе, што «ў мэдычнай даведцы пра стан здароўя ў графе "Заключэньне" робіцца запіс аб наяўнасьці або адсутнасьці псыхіятрычнага (наркалягічнага) уліку».
Таксама пазоўнік адзначыў, што пункт 7.6 згаданага пераліку адміністрацыйных працэдур, на які юрыстка цэнтру псыхіятрыі ўвесь час спасылалася, не ўскладае на рэгістратара ці лекара-псыхіятра абавязкі вывучэньня і ацэнкі псыхічнага здароўя заяўніка.
Паколькі ў адміністрацыйнай працэдуры ўдзельнічае грамадзянін, а не пацыент, то хібнай ёсьць і спасылка на артыкул 1 Закону «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі», бо па псыхіятрычную дапамогу грамадзянін не зьвяртаўся.
З улікам адзначанага Валер Місьнікаў заявіў, што адказчыкі ня выканалі патрабаваньняў нарматыўна-прававых актаў або парушылі іх, адвольна вытлумачылі закон і незаконна адмовілі ў зьдзяйсьненьні адміністрацыйнай працэдуры па выдачы мэдычнай даведкі.
Карэспандэнт ВВ папрасіў Валера Місьнікава пракамэнтаваць рашэньне судзьдзі Алесі Жарыкавай:
– Пісьмовае рашэньне суду на рукі сёньня мне ня выдалі. Я напісаў, каб яно было мне высланае. Прачытаю матывацыйную частку – буду ведаць, на чым рашэньне грунтуецца. І, безумоўна, буду пісаць скаргу. Рашэньне судзьдзя прачытала гэтак невыразна і ціха, што я нічога ня чуў. Судзьдзя прыняла бок адказчыкаў – і гэта адзінае, што я магу сьцьвярджаць.
Вельмі паказальна, але ў 2015 і 2016 гадох даведкі, якія пацьвярджаюць адсутнасьць у мяне псыхіятрычнага і наркалягічнага ўліку, я атрымаў. Не адразу, але атрымаў. І тады я ня быў на прыёме ў лекара-псыхіятра. Замест таго, каб хутка даць даведку, яны робяць з грамадзян пацыентаў. Прадугледжаная ж законам працэдура ў такім выпадку прыпускае напісаньне пісьмовай згоды на агляд – а гэта ўжо абсалютна іншая гісторыя.
С. Горкі