Пасьля ўступленьня ў законную сілу пастановы суду антыкрызысны кіраўнік Валер Байкоў павінен распачаць пагашэньне заяўленых патрабаваньняў 147 конкурсных крэдытораў у аб'ёме каля 3,97 млн рублёў за кошт продажу маёмасьці банкрута. Кошт актываў даўжніка ацэньваецца амаль у 4,5 млн. Аднак, як адзначыў Валер Байкоў, гэтага можа не хапіць для поўнага разьліку з крэдыторамі, бо асноўную масу маёмасьці складаюць нізкаліквідныя актывы, у тым ліку маральна састарэлае, разукамплектаванае абсталяваньне, лядашчая нерухомасьць. Акрамя таго, з прыкладна сотні выяўленых капітальных будынкаў і збудаваньняў толькі 4 аб'екты маюць поўны камплект рэгістрацыйных дакумэнтаў, датычна астатніх будынкаў трэба будзе правесьці працу па рэгістрацыі, на што спатрэбяцца часавыя і фінансавыя рэсурсы.
Справа пра банкруцтва прадпрыемства распачатая ў студзені 2018 году з ініцыятывы даўжніка. Пастановай сходу ўпаўнаважаных, якое зьяўляецца вышэйшым органам кіраваньня таварыства, прынятае рашэньне пра немэтазгоднасьць дасудовага аздараўленьня. Асноўным відам дзейнасьці таварыства зьяўляецца раздробны гандаль у неспэцыялізаваных крамах прадуктамі харчаваньня. Паводле інфармацыі на чэрвень 2018 году колькасьць штатных супрацоўнікаў складала 32 чалавекі, зь якіх 14 работнікаў знаходзіліся ў сацыяльным адпачынку па доглядзе дзіцяці.