Сама Вольга на паўторны разгляд справы і на абвяшчэньне выраку не зьявілася, яна знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу.
Яе адвакатка Надзея Бірукова пракамэнтавала вырак:
– Справа была вельмі цяжкая і нэрвовая. Паводле сёньняшняга выраку Сьцяпанава апраўданая. На адрас Сьледчага камітэту даслалі прыватную пастанову, у якой указана на недахопы ў правядзеньні папярэдняга сьледзтва.
Вольга Сьцяпанава мае права на кампэнсацыю матэрыяльнага і маральнага ўрону – за знаходжаньне ў СІЗА з 6 траўня да 7 верасьня 2017 году, за паслугі адваката і іншыя судовыя выдаткі. Калі пракуратура не аспрэчыць сёньняшні прысуд, будзем падаваць на кампэнсацыю. Калі будзе аспрэчваць, будзем падаваць пратэсты. Вольга вінаваціць у сьмерці нованароджанай дачкі віцебскіх мэдыкаў, але мы пакуль не абмяркоўвалі, ці будзе яна падаваць супраць іх судовы пазоў.
7 верасьня 2017 году Чыгуначны райсуд Віцебску прызнаў Вольгу Сьцяпанаву вінаватай у сьмерці нованароджанай дачкі. Жанчына нарадзіла дома, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што дзіця ня дыхае. На падставе часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу Вольгу Сьцяпанаву абвінавацілі ў прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці.
Ёй было прызначанае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 месяцаў з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах калёніі-пасяленьня. Жанчына скарысталася сваім правам на абскарджаньне прысуду і падала апэляцыйную скаргу.
Скарга была задаволеная, і справу накіравалі на паўторны разгляд. Гэтым разам у акалічнасьцях сьмерці нованароджанага дзіцяці разьбіраўся абласны суд. Працэс у Віцебскім абласным судзе распачаўся 9 студзеня, прайшло сем паседжаньняў, на якіх сама Вольга Сьцяпанава не прысутнічала. Яе інтарэсы абараняла адвакатка Надзея Бірукова. Яна сказала, што Вольга Сьцяпанава не прызнавала сваёй віны ад самага пачатку. Пра гэта яна казала і журналістам, і ў адмысловым відэазвароце да Аляксандра Лукашэнкі, дзе прасіла спыніць распачатую супраць яе крымінальную справу.
Жанчына тлумачыла, што мае досьвед хатніх родаў – першую дачку яна нарадзіла менавіта дома, але ў Санкт-Пецярбургу, дзе жыве ўжо некалькі гадоў. Другое дзіця яна хацела нарадзіць у Віцебску, дзе жыве яе маці, бо спадзявалася на дапамогу ў доглядзе дзяцей. Знарок прыехала сюды ў сярэдзіне цяжарнасьці са старэйшай дачкой. Празь некалькі месяцаў, 19 лютага 2017 году, яна нарадзіла малодшае дзіця, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што нованароджаная дзяўчынка ня дыхае. Паводле сваякоў, выкліканая хуткая дапамога прыехала несвоечасова, і немаўля ўратаваць не змаглі.
Пэўную надзею на тое, што крымінальную справу супраць Вольгі Сьцяпанавай урэшце скасуюць, спарадзілі словы міністра аховы здароўя. Выступаючы перад зьездам акушэраў-гінэколягаў і нэанатолягаў Беларусі, міністар аховы здароўя Валеры Малашка адзначыў, што ня лічыць вінаватымі ў сьмерці немаўляці ні хатнюю парадзіху, ні лекараў. Хоць адзначыў, што ў беларускіх радзільнях створаныя добрыя ўмовы, і ён не прыхільнік таго, каб выбіраць у якасьці альтэрнатывы хатнія роды.
БС, svaboda.org