Чацвер, 10 Сакавік 2016

Суд пакараў актывіста за абразу, якой не чуваць на аўдыёзапісе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксей Жаўноў (Мілюкоў) Аляксей Жаўноў (Мілюкоў)

Суд Наваполацку 10 сакавіка разгледзеў адміністрацыйную справу сябра БСДП Аляксея Жаўнова (Мілюкова) і прызнаў яго вінаватым у абразе намесьніка начальніка лячэбна-працоўнага прафілякторыя № 8 Яўгена Гуцула. Нягледзячы на тое, што паказаньні сьведкаў – супрацоўнікаў ЛПП – не пацьвердзіліся аўдыёзапісам, які прагучаў у судзе, судзьдзя Зінаіда Балаболава пакарала Жаўнова штрафам за парушэньне артыкулу 23.5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

На судовым паседжаньні прысутнічалі многія грамадзкія актывісты Полацкага рэгіёну. Падтрымаць Аляксея прыйшлі актывісты партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя» (Грамада) і аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Вялікая заля суду Наваполацку была практычна цалкам запоўненая.

Аляксей Жаўноў адбывае пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 15, якая знаходзіцца ў Наваполацку, і працуе дворнікам на тэрыторыі ЛПП. Інцыдэнт адбыўся 4 лютага, калі ён зайшоў у аддзел кадраў ЛПП па даведку пра заробак. У калідоры адміністрацыйнага будынку Аляксей сутыкнуўся з намесьнікам начальніка ЛПП № 8 Яўгенам Гуцулам, і паміж імі адбылася слоўная сварка.

Яўген Гуцул сьцьвярджаў у судзе, што Аляксей паслаў яго на тры літары і абразіў, ужываючы ненарматыўную лексыку. Гэта ж сьцьвярджалі і выпадковыя сьведкі падзеі – работнікі ЛПП, якія па службе залежныя ад намесьніка начальніка гэтай установы. Усяго сьведак было трое: дзьве жанчыны і мужчына. Калі жанчыны саромеліся агучыць мацернае слова, прамоўленае Аляксеем, то работнік гаспадарчай часткі ЛПП Валюшкін назваў яго: Аляксей нібыта абазваў Гуцула словам, сугучным са словам «кандом». Жаўноў адкінуў гэтае абвінавачаньне і заявіў, што нічога падобнага ён не казаў.

Абаронцам Аляксея ў судовым працэсе выступіў ягоны бацька Алег Жаўноў. Пасьля апытаньня сьведкаў бацька заявіў хадайніцтва пра далучэньне да матэрыялаў справы дыска з аўдыёзапісам канфліктнай падзеі. Запіс гутаркі працягласьцю каля 10 хвілін, зроблены на дыктафон мабільнага тэлефону самім Аляксеем, быў праслуханы. Пры канцы запісу чутная перапалка Аляксея з намесьнікам начальніка, але ніводнага нецэнзурнага слова з вуснаў Аляксея не прагучала. Тым ня менш, далучыўшы аўдыёзапіс да матэрыялаў справы, судзьдзя Балаболава адмовілася прызнаць яго ў якасьці рэчыўнага доказу невінаватасьці Аляксея Жаўнова. Такое сваё рашэньне ў залі суду яна нічым не матывавала.

Такім чынам, суд Наваполацку вынес сябру апазыцыйнай партыі пакараньне ў выглядзе штрафу ў памеры 25 базавых велічынь, што складае 5 250 000 беларускіх рублёў. Паводле артыкулу 23.5 КаАП максымальна дапушчальны штраф роўны 50-ці базавым велічыням.

Ёсьць яшчэ дзесяць дзён на абскарджаньне рашэньня суду. Аляксей Жаўноў і ягоны бацька маюць намер далей дамагацца справядлівасьці, і спадзяюцца на скасаваньне рашэньня суду гораду Наваполацку.

Аляксандар Марозаў