Разам са Станіславам Ганчаровым па справе праходзілі яшчэ сямёра хлопцаў ва ўзросьце ад 18 да 22 гадоў. Іх суд прыгаварыў да розных тэрмінаў – ад 1 году абмежаваньня волі да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме і доўжыўся амаль тры месяцы – зь сярэдзіны сьнежня мінулага году.
«Станіслаў Ганчароў прызнаў віну часткова. Астатнія абвінавачаныя альбо не прызналі яе зусім, альбо часткова. Але да заканчэньня працэсу многія ўсё ж прыйшлі да таго, што іх дзеяньні былі хібнымі. Суд улічыў, што большасьць злачынстваў абвінавачаныя зьдзейсьнілі ў непаўналетнім узросьце – гэта адбывалася ў пэрыяд з 2012 па 2016 гады. Паўналетнім на момант зьдзяйсьненьня злачынстваў быў толькі адзін хлопец», – паведаміў журналістам дзяржаўны абвінаваўца, старшы пракурор аддзелу пракуратуры вобласьці па наглядзе за адпаведнасьцю закону судовых рашэньняў па крымінальных справах Алег Антоненка.
Дзяржабвінаваўца адзначыў, што «ў цэлым суд падтрымаў абвінавачаньне». «А што тычыцца Станіслава Ганчарова, то вынік па пакараньні аналягічны таму тэрміну, які запытваў бок абвінавачаньня», – дадаў ён.
Станіслаў Ганчароў і яшчэ трое хлопцаў знаходзіліся пад вартай, чацьвёра маладых людзей – пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Ганчароў быў затрыманы за зьдзек над падлеткамі. На думку праваахоўных органаў, пачынаючы з 2012 году ён зьяўляўся нефармальным лідэрам каляфутбольнай групоўкі, заклікаў аднадумцаў да зьневажаньня і зьбіцьця людзей неславянскай зьнешнасьці і падаваў у гэтым прыклад.
Зьбіцьцям і зьдзекаваньням падвяргаліся таксама падлеткі-беларусы. Адзін зь іх – пацярпелы 17-гадовы хлопец, распавёў журналістам пра падзеі двухгадовай даўніны, якія адбыліся ў Віцебску і сталі адным з эпізодаў на судовым разглядзе: «Мне тады было 15 гадоў. Гэта адбылося на тэрыторыі каледжу. Пастралялі мне па нагох з пнэўматыкі. Яшчэ мяне змушалі танчыць, перадаваць вітаньне Ўкраіне».
У 2013 годзе Ганчароў і футбольныя фанаты пад пагрозай гвалту прымусілі двух 13-гадовых падлеткаў адрачыся ад антыфашысцкага руху і прадэманстраваць нацысцкае вітаньне.
Ганчарова арыштавалі ў красавіку 2016 году, пасьля таго як малады чалавек вярнуўся з Украіны дадому ў Віцебск.
Самы мяккі прысуд, які агучыў суд, – 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на 2 гады. Яго пачулі два 19-гадовыя хлопцы: Яўген Гусакоў (абвінавачваўся ў злосным хуліганстве і вырабе і распаўсюдзе прадметаў парнаграфічнага характару з выкарыстаньнем інтэрнэту) і Кірыл Шышла (яму інкрымінавалі асабліва злоснае хуліганства і прымус да пакрыцьця нанесенай шкоды, пад пагрозай прымяненьня гвалту, пры адсутнасьці прыкмет вымагальніцтва, учыненым з ужываньнем гвалту, не небясьпечнага для жыцьця і здароўя).
«Гэта ня лічыцца мерай крымінальнай адказнасьці. Чалавек знаходзіцца дома, але калі ён парушае ўмовы адбыцьця пакараньня, то тады яго пазбаўляюць волі», – растлумачыў старшы пракурор.
Максымальнае пакараньне – 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму – у Станіслава Ганчарова. Ён прызнаны вінаватым у наўмысных дзеяньнях, накіраваных на распальваньне расавай, нацыянальнай варожасьці; зьдзек над помнікамі абаронцам Айчыны; асабліва злосным хуліганстве; рабаваньні; захоўваньні з мэтай распаўсюду і распаўсюдзе парнаграфічных відэафільмаў, учыненых з выкарыстаньнем інтэрнэту.
Аднагодак Ганчарова – 20-гадовы Яўген Красілевіч, правядзе 6 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму. Другому равесьніку галоўнага фігуранта крымінальнай справы – Аляксандру Фядзякіну, далі 4 гады калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. На паўгода больш у турме будзе знаходзіцца Сяргей Скоўпень.
Самага старэйшага ўдзельніка групы, 22-гадовага Аляксея Ўласава, суд пакараў абмежаваньнем волі тэрмінам на 3 гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.
19-гадовы Данііл Козел атрымаў за злоснае хуліганства 1 год абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Але маладога чалавека вызвалілі ад пакараньня праз амністыю.
Абвінавачаныя і іх абаронцы маюць права цягам 10 сутак абскардзіць прысуд.
https://vitebskspring.org/news/sud/item/2210-vitsebski-ablasny-sud-abvyastsiu-vyrak-eks-bajtsu-ata#sigProId3cc62436ff
Тацяна Мацьвеева, tut.by
Фота: Ігар Мацьвееў