Чацвер, 04 Красавік 2013

Судзьдзя пастанавіў арыштаваць грошы нябожчыцы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Тамара Кандакова Тамара Кандакова

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску наклаў арышт на 1 400 000 рублёў, якія знаходзяцца на дэпазытным рахунку суду Кастрычніцкага раёну і належаць Тамары Кандаковай. Гэта стала вядома з пастановы судзьдзі Эдгара Марцірасяна ад 21 сакавіка 2013 году па прадстаўленьні судовага выканаўцы суду Кастрычніцкага раёну Віцебску.

Тамара Кандакова была ў сьнежні 2011 году прыцягнутая судом да адміністрацыйнай адказнасьці за распаўсюд газэты «Віцебскі Кур’ер». Кандакову аштрафавалі на 700 000 рублёў. Пастанова суду яшчэ не ўступіла ў сілу, але судовы выканаўца, не паставіўшы Тамару Піліпаўну ў вядомасьць, накіраваў выканаўчы ліст па месцы атрыманьня Кандаковай Т.П. пэнсіі (аддзел сацыяльнай абароны Кастрычніцкага раёну Віцебску), дзе зь яе пэнсіі была ўтрыманая сума ў памеры 700 000 рублёў і пералічаная трыма аплатнымі даручэньнямі № 793 ад 30 чэрвеня 2012 году, № 771 ад 23 ліпеня 2012 году і № 593 ад 21 жніўня 2012 году ў фінансавае ўпраўленьне віцебскага гарвыканкаму.

Па ўступленьні пастановы суду ў законную сілу, Тамара Кандакова добраахвотна выканала пастанову празь пералічэньне сумы штрафу ў памеры 700 000 рублёў у фінансавае упраўленьне віцебскага гарвыканкаму. Паралельна ёй была пададзеная скарга на пастанову Старшыні Віцебскага абласнога суду Мікалаю Хамічонку, які адмяніў пастанову аб прыцягненьні распаўсюдніцы недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі да адміністрацыйнай адказнасьці і накіраваў справу на новы разгляд. Пасьля чаго фінансавае ўпраўленьне віцебскага гарвыканкаму вымушанае было вярнуць незаконна ўтрыманую судом і добраахвотна выплачаную Кандаковай суму штрафу ў памеры 1 400 000 рублёў на дэпазытны рахунак суду Кастрычніцкага раёну Віцебску для перадачы апошняй.

Пры новым разглядзе адміністрацыйнай справы суд падвергнуў Тамару Кандакову штрафу ў памеры 2 000 000 рублёў. 20 лютага 2013 г. пастанова ўступіла ў законную сілу і павінна была быць добраахвотна выкананая Тамарай Піліпаўнай ў тэрмін да 20 сакавіка 2013 году. 19 сакавіка Тамара Піліпаўна памерла…

Зусім дрэнныя справы ў дзяржаве, калі бюджэт латаюць грашыма памерлых.

Крыніца: "Наш дом"