Чацвер, 28 Сакавік 2013

Сяргея Каваленку суд аштрафаваў на мільён

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяргей Каваленка Сяргей Каваленка

Судзьдзя Першамайскага райсуду аштрафавала сябра КХП-БНФ на падставе міліцэйскага пратакола, дзе было напісана, што ўвечары 25 сакавіка Сяргей Каваленка быў “у стане алькагольнага ап’яненьня”, ды яшчэ “нецэнзурна выказваўся” і “размахваў рукамі”. Актывіст ніводнага з гэтых абвінавачаньняў не прызнаў. Судовы працэс над Сяргеем Каваленкам 26 сакавіка распачала судзьдзя Натальля Карабліна, а пасьля перапынку на тры дні – 29 сакавіка – судзіць актывіста прызначылі іншай судзьдзі, Валянціне Кісьмярошкінай. Чаму так адбылося, прысутным не патлумачылі.

Усё астатняе было па-ранейшаму: у судзе сабралася больш за два дзесяткі супрацоўнікаў міліцыі, у форме і ў цывільным. Частка супрацоўнікаў у цывільным яшчэ да пачатку суду заняла месцы ў залі, тады як “людзі ў форме” пераконвалі ахвотных увайсьці, што судовая заля зачыненая. Дарэчы, скаргу на некарэктныя паводзіны міліцыянтаў, якія 26 сакавіка “камандавалі” у судзе – замест сакратара загадвалі ўстаць, рабілі грубыя заўвагі прысутным і гэтак далей – падаў у МУС віцебскі актывіст Пётар Іваноў. Падобную скаргу падаў і Сяргей Каваленка, папрасіўшы далучыць яе да матэрыялаў справы ў якасьці сьведчаньня недаверу да суду, які на справе аказаўся падпарадкаваным супрацоўнікам міліцыі.

Двое супрацоўнікаў міліцыі былі ў судзе сьведкамі – гэта супрацоўнікі патрульна-паставой службы Аляксей Новікаў і Аляксандар Давыдоўскі. Яны распавядалі, што спынілі Сяргея Каваленку на дарозе за адсутнасьць флікера. Хаця потым работнікі ДАІ склалі на яго пратакол за пераход дарогі ў неналежным месцы. Паводле міліцыянтаў, актывіст абураўся тым, што яго затрымлівалі міліцыянты з патрульна-паставой службы, а не ДАІ. І рабіў гэта “зь нецэнзурнай лаянкай” і “размахваючы рукамі”. Ды ўсяго, Каваленка адмаўляўся ехаць зь імі ў пастарунак, і яго папярэдзілі, што гэтыя дзеяньні – “непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі”. Пасьля гэтага ён ужо пагадзіўся сесьці ў машыну. Але падчас спрэчкі міліцыянты адчулі пах алькаголю, згадалі, што ў яго была “няцьвёрдая паходка”, і павезьлі Сяргея Каваленку на мэдычны агляд.

Далей сьведчыць працягваў лекар, псыхіятар-нарколяг Аляксандар Лебедзеў. Ён зазначыў, што актывіст адмовіўся праходзіць алькатэст. Але пацьвердзіў толькі словы міліцыянтаў пра пах алькаголю, усе іншыя зьнешнія прыкметы ён кваліфікаваў як нармальныя паводзіны: не было ні “няцьвёрдай паходкі”, ні буйных паводзінаў…

Сяргей Каваленка цьвердзіў, што абвінавачаньне супраць яго несправядлівае: “Па дарозе за мной ішоў нейкі чалавек у цывільным. А калі пад’ехала міліцэйская машына, ён выскачыў з-за маёй сьпіны і нешта пачаў шаптаць на вуха міліцыянту. У Першамайскім РАУС на мяне склалі пратакол па сфальшаваным абвінавачаньні аб адміністрацыйным правапарушэньні (артыкул 17.1 КаАП). Калі мяне паводле абвінавачаньня ў хуліганстве везьлі ў ІЧУ, да мяне беспадстаўна былі ўжытыя спэцсродкі (кайданкі). У ізалятары часовага ўтрыманьня я таксама падвяргаўся жорсткаму, зьневажальнаму чалавечую годнасьць абыходжаньню: утрымліваўся ў адзіночнай камэры, у якой адсутнічалі індывідуальныя спальныя месцы і хаця б якая-небудзь мэбля, пасьцельныя прыналежнасьці не выдалі, спаць давялося на падлозе, ва ўнітазе адсутнічаў зьліўны бачок, роўна як і ўмывальная ракавіна ў камэры і бачок зь пітной вадой, туалетнай паперы і мыла таксама не выдалі. 26 сакавіка, калі мяне прывезьлі з ІЧУ у суд, судзьдзя загадала дадаткова аформіць нейкія дакумэнты; і ў РАУС Першамайскага раёну, а таксама назад у суд мяне везьлі ў аўтазаку - аўтамабілі для перавозкі грамадзян, у дачыненьні да якіх у рамках КПК прымененая мера стрыманьня - заключэньне пад варту, чым парушанае маё права на прэзумпцыю невінаватасьці”.

Актывіст лічыць, што супрацоўнікі міліцыі ажыцьцяўляюць ціск на яго за палітычныя погляды, і менавіта таму затрыманьне адбылося ў Дзень Волі. Імаверна, міліцыя вырашыла “апярэдзіць” магчымасьць зьяўленьня ў горадзе чарговага бел-чырвона-белага сьцягу, вывешваньнем якіх вядомы актывіст. Сяргей Каваленка зьбіраецца абскарджваць пастанову суду, вынесеную, паводле ягонага меркаваньня, на падставе сфальшаванага пратаколу.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”