Гісторыя галоўнага «героя» 1990 году нараджэньня да болю простая. З 2006-га хлопец знаходзіўся на ваенным уліку ў райваенкамаце. Яго (як і ўсіх, хто павінен служыць у войску) папярэдзілі, што ўхіленьне ад прызыву пагражае крымінальнай адказнасьцю паводле артыкулу 435 КК РБ. У жніўні мінулага году яму прыйшла позва, дзе былі пазначаныя дата і час, калі ён павінен зьявіцца ў райваенкамат для праходжаньня мэдычнага агляду.
Аднак юнак патрабаваньні позвы праігнараваў і ў ваенкамат не зьявіўся. Вядома, акалічнасьці бываюць розныя. І калі не атрымліваецца прыехаць у пазначаны дзень, то можна папярэдзіць і папрасіць перанесьці дату, тым больш што восеньскі прызыў летась працягваўся да 30 лістапада, а позву ён атрымаў у жніўні. Акрамя таго, да заканчэньня прызыву ён наогул зьехаў з раёну. Такімі сваімі дзеяньнямі патэнцыйны прызыўнік, адпаведна, трапіў у шэрагі ўхілістаў.
Прызыўная камісія не змагла прыняць рашэньня пра неабходнасьць выконваць ваенны абавязак маладым чалавекам.
Судовае сьледзтва ў поўнай меры даказала віну грамадзяніна. Раённы суд пастанавіў, што за ўхіленьне ад мерапрыемстваў прызыву ў войска жыхар вёскі Беразіно павінен заплаціць штраф у 60 базавых. Калі перавесьці на нармальную грашовую мову, то атрымліваецца цалкам прыстойная сума – 12 600 000 рублёў. (1 БВ сёньня роўная 210 тыс.). Усе гэтыя грошы пойдуць у даход дзяржавы.