Сьмяротны прысуд абвясьціў 30 ліпеня старшыня судовай калегіі Яўген Даўлюд. У склад калегіі ўваходзілі таксама народныя засядацелі Ягорава і Цімафеева.
50-гадовы жыхар Віцебшчыны Віктар Паўлаў быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні жорсткіх забойстваў дзьвюх асобаў, якія знаходзіліся ў бездапаможным стане (інваліды 2-й групы), і паводле ч.2, арт.139 КК быў прысуджаны да найвышэйшай меры пакараньня – расстрэлу.
Мужчына быў таксама прызнаны вінаватым у крадзяжы (ч.2, арт. 205 КК).
Прысуд пакуль што не набыў законнай сілы.
За што далі “вышку” Паўлаву
30 сьнежня 2018 году жыхар вёскі Слабада Віцебскага раёну Віктар Паўлаў прыйшоў у дом да сясьцёр Вараненка і Кандраценкавай у вёсцы Прысушына, каб набыць віно. У выніку спантаннай спрэчкі мужчына нанёс Вараненкавай ня менш за 9 ўдараў драўлянай палкай па галаве, а затым Кандраценкавай – ня менш за 5 удараў, што і стала прычынай іх сьмерці.
Учыніўшы крадзеж 139 рублёў (па вэрсіі сьледзтва), дзьвюх бутэлек віна і пакету з рэчамі забітых, мужчына зачыніў дом на замок і сышоў зь месца злачынства. Целы забітых былі знойдзеныя 3 студзеня. Віктара Паўлава затрымалі, ён прызнаўся ва ўчыненым забойстве.
У 2005 годзе Віктар Паўлаў ужо быў асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня за забойства мужчыны.
Праваабаронца: Дзяржава ня мае маральнага права забіваць людзей
Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік лічыць, што хоць сьледзтва, пракуратура і суд дзейнічалі ў рамках дзейнага ў Беларусі заканадаўства, але дзяржава ня мае маральнага права забіваць людзей.
“Шкада, але ўпершыню больш чым за 14 гадоў у сьценах Віцебскага абласнога суду быў вынесены сьмяротны прысуд. Асуджаны Віктар Паўлаў прызнаўся ў зьдзейсьненым, пракурор палічыў што яго датычнасьць да злачынству даказаная сьледзтвам, судзьдзя пагадзіўся зь меркаваньнем пракурора і прысудзіў падсуднага да найвышэйшай меры пакараньня – расстрэлу.
Пагаджуся, што службовыя асобы сьледзтва, пракуратуры і суду дзейнічалі ў рамках дзейнага ў Беларусі заканадаўства. Але як праваабаронца лічу, што дзяржава ня мае маральнага права забіваць людзей. Нават тых, хто зьдзейсьніў самыя жудасныя злачынствы. Таму што права на жыцьцё – неад’емнае ад чалавека”, – сказаў Леанід Сьвецік.
“Дзяржава, якая лічыць сябе цывілізаванай, не павінна прымяняць сьмяротнае пакараньне”, – дадаў праваабаронца.
С. Горкі
.