Фіёна Гіб, Паоло Таніні
Імпрэзу, прысьвечаную праблеме сьмяротнага пакараньня, зладзіла амбасада Вялікай Брытаніі. Гэта была ўжо пятая сустрэча ў шэрагу падобных у Беларусі – да таго госьці пасьпелі наведаць рэгіёны Берасьцейшчыны, Гарадзеншчыны і Магілёўшчыны.
Апроч паважных пасланцоў заходніх дзяржаваў у сінявокую, удзел у сустрэчы зь віцебчукамі, што адбывалася ў канфэрэнц-залі гатэлю «Лучоса», узялі таксама шматлікія міжнародныя экспэрты: спадар Парвэз Джабар, выканаўчы дырэктар НДА «The Death Penalty Project», Вялікая Брытанія; спадарыня Асунта Віва Кавальле, генэральная сакратарка НДА «Міжнародная камісія супраць сьмяротнага пакараньня», Гішпанія; доктар Алясандра Саляконэ, прадстаўнік Грамады Сьвятога Эгідыя, Італія.
Зразумела, такога кшталту імпрэза не магла абысьціся без прадстаўнікоў улады. Уступным словам распачаў мерапрыемства Андрэй Мікалаевіч Навумовіч, старшыня Сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правох чалавека, нацыянальных стасунках і сродках масавай інфармацыі. Менавіта ён прадставіў прысутным заходніх візытоўцаў і перадаў ім слова.
Апроч Навумовіча, у складзе «дэсанту» ад улады прысутнічала Натальля Гуйвік, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў з Полацку. Зрэшты, яна была найменш актыўная з тых, хто сядзеў «у прэзыдыюме»: за ўвесь час прамовіла толькі аднойчы, паспрабаваўшы запярэчыць праваабаронцу Паўлу Левінаву, калі той казаў пра тое, што летась у Віцебску – упершыню за даўгія гады ў вобласьці – быў абвешчаны сьмяротны вырак (вядзецца пра прысуд аблсуду Віктару Лётаву, які, як высьветлілася, надоечы быў выкананы).
Павал Левінаў
«Ня летась, а ў 2017-м», – удакладніла Гуйвік. А потым, зразумеўшы, што схібіла, і што «2017-ы» і «летась» – гэта тое самае, астатні ўвесь час ужо маўчала. А як скончылася афіцыйная частка праграмы, адразу ўцякла ад публікі – мо' не захацела, каб пытаньні ёй задалі яшчэ і незалежныя журналісты, якія на імпрэзу зьявіліся ў вялікай колькасьці.
Натальля Гуйвік
Што тычыцца заяўленай тэмы імпрэзы, дзе большая частка часу была адведзеная на пытаньні аўдыторыі і адказы на іх прысутных міжнародных экспэртаў, дык тут было поўнае аднадумства. Усе, у тым ліку дэпутат парлямэнту спадар Навумовіч, выказваліся за тое, каб рана ці позна сьмяротнае пакараньне ў краіне было скасаванае.
Выказваючыся, апошні пацьвердзіў, што яго кранула інфармацыя, якую ён пачуў, калі наведваў Брытанію, пра магчымасьць судовай памылкі – і менавіта гэты аргумэнт стаў для яго найгалоўнейшым чыньнікам на карысьць таго, што Беларусь павінна далучыцца да пераважнай большасьці краінаў сьвету, дзе сьмяротныя прысуды альбо не выносяцца наогул, альбо нават калі і выносяцца, то не прыводзяцца ў выкананьне. «Але мы павінны ўлічваць думку і тых, хто на рэфэрэндуме 1996 году выказаўся за захаваньне сьмяротнай кары», – тут жа дыпляматычна выказаўся дэпутат Навумовіч.
Андрэй Навумовіч
Дыскусія была жвавай. Сярод прысутных у залі гатэлю «Лучоса» найбольшай актыўнасьцю вылучыліся прадстаўнікі аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Урэшце амбасадарка Вялікай Брытаніі, якая была мадэратарам дыскусіі, нават мусіла пазбавіць слова надта актыўную каардынатарку БХД па Віцебскай вобласьці Тацяну Севярынец, якая спрабавала ўкласьці ў вушы дэпутата Навумовіча думку, што трэба як найхутчэй рабіць захады, каб скасаваць сьмяротны прысуд. Дзеля гэтага яна прапанавала правесьці рэфэрэндум.
Тацяна Севярынец
Хтосьці зь міжнародных экспэртаў запярэчыў актывістцы БХД і сказаў, што ня трэба лабіраваць выказаную ёй ідэю. Калі зараз праводзіць рэфэрэндум, то гэта дужа небясьпечна, бо большасьць насельніцтва, найхутчэй, выступіць за сьмяротную кару. У краінах Эўропы скасаваньне сьмяротнага пакараньня, як правіла, было палітычным рашэньнем, прынятым наверсе, а ўжо потым грамадзкая думка ішла ўсьлед за гэтым рашэньнем.
Так, як пазначана ў раздатачным матэрыяле, падрыхтаваным амбасадай Вялікай Брытаніі, «грамадзкая думка нясталая і можа лёгка зьмяняцца пры адсутнасьці належнай інфармацыі, а таксама пад уплывам СМІ. Скасаваньне сьмяротнага пакараньня павінна зьдзяйсьняцца палітычным кіраўніцтвам, а не ісьці ўсьлед за стаўленьнем грамадзтва да гэтай праблемы... Напрыклад, Аб'яднанае Каралеўства скасавала сьмяротную кару ў 1965 годзе насуперак магутнай грамадзкай думцы. У 2014 годзе, амаль праз 50 год пасьля скасаваньня, апытаньні ўпершыню паказалі, што большасьць насельніцтва ўжо не выступае за сьмяротнае пакараньне».
Па завяршэньні асноўнай часткі імпрэзы дыскусія працягнулася. Людзі не хацелі разыходзіцца і доўга абмяркоўвалі пачутае кулюарна. ВВ скарысталася магчымасьцю і задала некалькім цікавым асобам, якія прысутнічалі на сустрэчы, пытаньне, наколькі гэтае мерапрыемства апраўдала іхныя спадзяваньні.
Кастусь Дзьвінскі