Панядзелак, 01 Красавік 2013

Ад Любові Кавалёвай утойваюць, хто расстраляў яе сына

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Любоў Кавалёва Любоў Кавалёва

Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў тэрарызьме пасьля выбуху ў менскім мэтро, хоча ведаць падрабязнасьці пра апошнія хвіліны сына, якога лічыць неправасудна пакараным сьмерцю. Яна спрабуе высьветліць, якая структура выканала сьмяротны прысуд, вынесены Вярхоўным судом у дачыненьні да яе сына.

Любоў Кавалёва дасылала запыты пра гэта ў некалькі інстанцыяў. Рабіла гэта пасьлядоўна, калі з адной структуры яе перанакіроўвалі ў іншую: “Спачатку я напісала старшыні Камітэту дзяржбясьпекі, бо Ўлада да апошняга трымалі ў СІЗА КДБ. Атрымала ліст за подпісам самога старшыні, Валерыя Вакульчыка, дзе напісана, што гэтае пытаньне – па-за кампэтэнцыяй КДБ. І што зьвяртацца трэба ў Вярхоўны суд, бо менавіта туды, паводле артыкулу 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, прыходзіць паведамленьне, што прысуд выкананы. Але намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валеры Калінковіч таксама адказаў, што гэта па-за іхнай кампэтэнцыяй. І прапанаваў зьвярнуцца ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў”.

“На запыт у ДВК я атрымала адказ зноў толькі са спасылкай на артыкул 175. У частцы 5 там згадваецца “ўстанова, якая выконвае сьмяротны прысуд” – што яна мусіць паведаміць пра выкананьне суду, які вынес такі вырак, а адтуль мусяць напісаць сваякам. Паведамленьне зь Вярхоўнага суду мы атрымалі, але дабіцца, што за “ўстанова” займаецца расстрэламі асуджаных, пакуль не ўдалося. Усё засакрэчана! Усе ведаюць, які парадак зацьверджаньня сьмяротных прысудаў, а вось хто іх выконвае і дзе іх выконваюць, ня ведае ніхто. Гэта чарговая таямніца, зацьверджаная беларускім заканадаўствам”, – распавяла Любоў Кавалёва.

Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва ўжо зьвярталася ў розныя інстанцыі, у тым ліку і да прэзыдэнта РБ, з просьбай аддаць ёй цела расстралянага сына, якога лічыць несправядліва асуджаным паводле неабгрунтаванага абвінавачаньня сьледзтва. Зважаючы на гэта, яна прасіла хаця б паведаміць месца, дзе ён пахаваны. Але адусюль атрымлівала толькі адмоўныя адказы. Нічога не патлумачылі Любові Кавалёвай і пра зьнікненьне ў СІЗА КДБ запісаў сына, якія ён вёў падчас суду – гэтыя запісы папросту зьніклі, нібыта ў іх утрымліваліся нейкія сакрэтныя зьвесткі. Хаця паводле закону маёмасьць пакаранага сьмерцю мусіць перадавацца сваякам…

Спадарыня Кавалёва зьбіраецца працягваць высьвятленьне акалічнасьцяў выкананьня сьмяротнага прысуду і далей: адмовы паведаміць, якая структура выконвае сьмяротныя прысуды, яна хоча абскардзіць у вышэйшых інстанцыях. Яна выступае і за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі наогул: з улікам імавернасьці памылак сьледзтва гэтая мера зьяўляецца неапраўданай, калі потым высьвятляецца, што расстралялі невінаватых. Любоў Кавалёва лічыць, што сьмяротнае пакараньне недапушчальнае ў цывілізаванай краіне, бо яно змушае на пакуты і асуджаных, і іхных сваякоў, для якіх вечнай таямніцай застаюцца акалічнасьці пакараньня.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"