Віцебскі гарвыканкам 27 сакавіка зацьвердзіў план дадатковых мерапрыемстваў па прафіляктыцы і зьніжэньні распаўсюджваньня каранавірусу і іншых рэсьпіраторных інфэкцый, паведаміла Радыё Свабода. Сярод захадаў - абмежаваньне паездак у камандзіроўкі, скасаваньне заняткаў у ВНУ, забарона на масавыя мерапрыемствы ды іншае. Але карантын - не абвешчаны.

Віцебскі гарвыканкам даў афіцыйны адказ на патрабаваньне праваабаронцы Леаніда Сьвеціка неадкладна ўвесьці карантын у навучальных установах гораду. «З улікам прафіляктычных мерапрыемстваў для папярэджваньня і мінімізацыі распаўсюду каронавіруснай інфэкцыі ў горадзе Віцебску прыняцьце дадатковых мер на дадзены момант не патрабуецца», – лічаць улады.

Жанчыны Віцебскай вобласьці маюць больш высокі ўзровень адукацыі, чым мужчыны. Сярод занятых у эканоміцы 34% жанчын маюць вышэйшую адукацыю. У мужчын гэты паказьнік складае 23%, паведамляе Галоўнае статыстычнае ўпраўленьне Віцебскай вобласьці.

У 2019 годзе суд Полацкага раёну і гораду Полацку разгледзеў 66 пазоваў аб высяленьні наймальнікаў памяшканьняў дзяржаўнага жылфонду і іхных сем’яў без забесьпячэньня іншым жыльлём. 34 пазоўныя заявы задаволеныя, 29 неплацельшчыкаў за камунальныя паслугі ўжо выселеныя з дамоў, па сутнасьці – выкінутыя на вуліцу.

У чытальні Віцебскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі 21 лютага адкрылася выставы партрэтаў «Я», мадэлямі для якіх выступілі выхаванцы Клюбнага дому «Крылы надзеі» – людзі, якія мелі досьвед псыхічных захворваньняў.