Якія захады павінны рабіцца:
- работнікаў з прыкметамі вострых рэсьпіраторных інфэкцый ня будуць дапускаць да працы;
- абмяжуюць выезды супрацоўнікаў у камандзіроўкі; нарады, сэмінары, пасяджэньні патрабуюць праводзіць пераважна празь відэа- і аўдыёканфэрэнцыі;
- бацькам дазволяць не вадзіць дзяцей у дзіцячы садок, за гэтыя дні грошы за садок не налічаць;
- школьнікаў рэкамэндуюць увесь дзень трымаць у адным клясе, у гуртках — ня зьмешваць вучняў з розных клясаў (у тым ліку ў пэрыяд канікул);
- скасаваць у ВНУ, каледжах і ліцэях групавыя заняткі і перавесьці навучэнцаў на дыстанцыйнае навучаньне;
- іншагароднім студэнтам забараніць выяжджаць дахаты на выходныя;
- у спарткомплексах навучальных установаў не пускаць староньніх наведнікаў, каб яны не маглі займацца разам з навучэнцамі;
- забараніць наведваньні інтэрнатаў пабочнымі асобамі, а таксама забараніць праводзіць у іх масавыя мерапрыемствы;
- забясьпечыць у кавярнях, рэстарацыях, месцах грамадзкага харчаваньня адлегласьць паміж сталамі для наведнікаў ня менш як 1,5 мэтра адзін ад аднаго;
- забараніць масавыя мерапрыемствы ў бібліятэках, музэях, выставачных комплексах і інш.;
- адмяніць правядзеньне выставаў, кірмашоў, прэзэнтацый у закрытых памяшканьнях;
- забараніць наведваньне дамоў для састарэлых і інвалідаў, узмацніць кантроль за здароўем іх жыхароў;
- забясьпечыць маскамі і антысэптыкамі сацыяльных работнікаў, работнікаў пошты, банкаў і інш., якія аказваюць паслугі пажылым людзям дома;
- перанесьці плянавыя абсьледаваньні спэцыялізаванымі арганізацыямі стану жылога фонду, інжынэрных унутрыкватэрных сетак, прыбораў;
- працягваць праводзіць дэзынфэкцыю грамадзкага транспарту, а таксама аўтавакзалу;
- адмяніць у гандлёва-забаўляльных цэнтрах, гандлёвых цэнтрах, крамах імпрэзы для дзяцей, групавыя прэзэнтацыі, дэгустацыі, рэклямныя акцыі і інш. Забясьпечыць работнікаў, якія маюць непасрэдны кантакт з наведнікамі, маскамі і антысэптыкамі для апрацоўкі рук;
- у цэрквах і касьцёлах, храмах і кляштарах забясьпечыць рэгулярнае мыцьцё і антысэптыкі для рук, прыбіраньне памяшканьняў з дэзынфэкцыйнымі сродкамі, праветрываць памяшканьні, апрацоўваць мэблю, дзьвярныя ручкі, абразы і інш.;
- засяленьне людзей у гатэлі, кемпінгі і інш. праводзіць як мага далей адзін ад аднаго (на розных паверхах, у розных баках калідора), апытваць наведнікаў пра стан іх здароўя;
- наведнікаў у цырульнях, тату-салёнах, салёнах прыгажосьці, пэрманэнтнага макіяжу і інш. прымаць толькі па папярэднім запісе, з інтэрвалам паміж кліентамі ня менш за 5 хвілін;
- адмяніць працу дыскатэк, начных клюбаў, кальянных, боўлінгаў, більярдных, кампутарных клюбаў, забаўляльных установаў пасьля 23.00;
- на прамысловых аб’ектах усіх формаў уласнасьці прыбіраць памяшканьні з масавым знаходжаньнем людзей, выкарыстоўваючы дэзсродкі, забясьпечыць эфэктыўную працу вэнтыляцыі і кандыцыянаваньня, абмежаваць колькасьць работнікаў у зьмену, разьмежаваць іх патокі пры дзьвюхзьменнай працы, зь перапынкам паміж зьменамі ня менш за 20 хвілін; не пускаць староньніх наведнікаў; рамонтнікаў і тых, хто абслугоўвае абсталяваньне, пускаць толькі ў масках.
Яшчэ 13 сакавіка віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік патрабаваў ад гарадзкіх уладаў увесьці ў Віцебску катантын, аж да абмежаваньня выхаду са свайго жыльля. Колькі дзён таму намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын адказаў праваабаронцу, што "прыняцьце дадатковых мер на дадзены момант не патрабуецца".