Такія захады засьцярогі ў Грузіі былі зробленыя ў дадатак да колішніх мераў. Ад 21 сакавіка ў краіне ўвялі надзвычайнае становішча, якое прадугледжвала закрыцьцё прамтаварных крамаў, рэстаранаў, кавярняў і бараў, забарона на правядзеньне тэатральных імпрэзаў ды іншых забаўляльных мерапрыемстваў. Футбольны матч Грузія – Беларусь, які меў адбыцца 26 сакавіка і на які былі прададзеныя ўсе квіткі, – адмянілі.
Адначасова 21 сакавіка ў двух паўднёвых раёнах Грузіі ўвялі строгі карантын. І аказалася, што такога кшталту карантын эфэктыўнейшы за надзвычайнае становішча.
Ужо пасьля ўвядзеньня надзвычайнага становішча на вуліцах Тбілісі паменела людзей. Вулічныя кавярні пуставалі, людзі выходзілі толькі ў харчовыя крамы, дзе, дарэчы, магло знаходзіцца абмежаваная колькасьць пакупнікоў – 1 чалавек на 10 м. кв. плошчы. Таму перад уваходам у краму можна было назіраць невялікія і расьцягнутыя чэргі. Прыватных харчовых крамаў у горадзе вельмі шмат, практычна ля кожнага шматпавярховіка.
Колькасьць зарэгістраваных хворых на каранавірус у Грузіі на 1 красавіка дасягаў 115 чалавек (22 – вылекаваныя). Гэтай статыстыцы можна давяраць, бо інфармацыю ад журналістаў і грамадзян тут не хаваюць. Ёсьць адмысловы ўрадавы сайт, прысьвечаны барацьбе з новым вірусам.
Паводле рэсурсу, на карантыне знаходзілася 5783 чалавекі, на стацыянары, пад наглядам лекараў, – 301. Людзі, якія знаходзяцца на хатнім карантыне па загадзе ўладаў, ня могуць выходзіць на вуліцу, інакш будуць аштрафаваныя (штраф складае суму, эквівалентную 1000 далярам).
Ўвядзеньне больш строгага карантыну прынёс новыя абмежаваньні. Цяпер перасоўвацца па Тбілісі можна толькі на таксі, аўто ці пешшу, забаронена зьбірацца больш за трох чалавек, трэба трымаць дыстанцыю 2 мэтры. У таксоўцы адначасова могуць ехаць толькі 2 пасажыры. Усе грамадзяне мусяць мець пры сабе пашпарт. За выкананьнем правілаў карантыну сочыць паліцыя.
Ўсё большая частка грамадзян у сталіцы Грузіі носіць маскі і ходзіць у гумовых пальчатках. У супэрмаркетах пакупнікам выдаюць перад уваходам аднаразовыя пальчаткі.
Цікава, што ў рэжыме надзвычайнага становішча супрацоўнікі турмаў ня маюць права пакідаць тэрыторыі пэнітэнцыярных установаў. Гэта зроблена, каб у зьняволеных не было боязі, што хваробу могуць занесьці звонку. Як паведаміла міністарка юстыцыі Грузіі Тэя Цулукіяні, было абрана 780 супрацоўнікаў-добраахвотнікаў, якія будуць пражываць у адмыслова абсталяваных казармах і дзяжурыць паводле графіку. Гэтым супрацоўнікам прадугледжаныя даплаты.
Для пабочнага назіральніка Тбілісі выглядае зараз цалкам бясьпечным горадам. Гараджане паводзяць сябе спакойна, строга прытрымліваюцца патрабаваньням карантыну. Вуліцы выглядаюць пустэльнымі, але часта праяжджаюць паліцэйскія аўтамабілі. З паліцэйскімі, дарэчы, раней можна было сфатаграфавацца, яны гэта рабілі з задавальненьнем, але цяпер працы ў іх дадалося.
Прэм'ер-міністар Грузіі Георгі Гахарыя заявіў нядаўна, што каранавірус можна перамагчы ня толькі дзякуючы намаганьням мэдыкаў і чыноўнікаў, але калі ўсе разам – «у згодзе з нашым грамадзтвам і грамадзянамі».
«Гэта агульная праблема і выклік, на якія мы павінны адказаць разам», – сказаў грузінскі прэм’ер-міністар.
Аляксандар Марозаў, Тбілісі