Серада, 18 Верасень 2019

“Паставілі перад фактам”. Студэнтаў ВДУ заганяюць зьбіраць яблыкі ў Талачыне

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Студэнткі ВДУ ў Талачыне. 2018 год. Фота: sb.by Студэнткі ВДУ ў Талачыне. 2018 год. Фота: sb.by

Віцебскім студэнтам ВДУ імя Машэрава паведамілі ў дэканатах, што яны мусяць адпрацаваць некалькі тыдняў на зборы яблыкаў у садах Талачынскага кансэрвавага заводу. Шмат каму са студэнтаў такі загад прыйшоўся не да спадобы…

“Якія дабравольцы? Нас проста паставілі перад фактам, што павінны ехаць – і ўсё. Па маёй інфармацыі, гэта тычыцца ня толькі мастацка-графічнага факультэту, дзе я вучуся, а ўсіх. Многія незадаволеныя, бо хтосьці, акрамя вучобы, ужо знайшоў падпрацоўку ў горадзе, а хтосьці проста лічыць, што мы ня дзеля гэтага паступалі ва ўнівэрсытэт”, – падзяліўся адзін са студэнтаў “худграфу” ВДУ.  

Яшчэ адна студэнтка расказала, што ад сельгаспрацаў вызваляюць толькі тых, хто задзейнічаны ў падрыхтоўцы да перапісу насельніцтва, і тых, хто ня можа працаваць праз стан здароўя і пакажа ў дэканаце даведку ад мэдыкаў.  

“Я напраўду вельмі абураная! Дзяржава ж выдзеліла грошы на маё бюджэтнае месца, каб я вучылася, а ня ехала на самым пачатку навучальнага году ў калгас зьбіраць яблыкі ды грушы. Хіба гэта нармальна?..” – пытаецца студэнтка.

Паводле дзяўчыны, зь ейнай групы дабравольна ехаць “у калгас” зьбіраюцца хіба 3-4 чалавекі, якія плянуюць на зборы яблык зарабіць троху грошай.

 

Ці гэта законна?

Студэнты ВДУ едуць зьбіраць яблыкі на Талачынскі кансэрвавы завод ня першы год. Працавалі там і летась, і пазалетась.

Між тым, праваабаронцы зьвяртаюць увагу на тое, што прыцягваць навучэнцаў установы адукацыі да працаў, якія не прадугледжаныя вучэбна-праграмнай дакумэнтацыяй ці плянам выхаваўчай працы, – забаронена. Пра гэта гаворыцца ў п. 2 арт. 89 Кодэксу аб адукацыі.

Заканадаўства дазваляе працу студэнтаў па ўборцы ўраджаю толькі ў выпадку, калі гэтая дзейнасьць адпавядае спэцыяльнасьці, на якой яны вучацца.

Год таму “Віцебская Вясна” пісала пра тое, як будучыя сакратары і дызайнэры цэлы месяц зьбіралі моркву ў СВК “Альгоўскае”.

Зьміцер Міраш  

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.