Пятніца, 19 Кастрычнік 2018

"Усе дабравольцы". Будучыя сакратары і дызайнэры цэлы месяц зьбіралі моркву ў СВК “Альгоўскае”

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Студэнты ВДТК на працы ў "Альгоўскім". Фота: vk.com Студэнты ВДТК на працы ў "Альгоўскім". Фота: vk.com

Навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага каледжу цэлы месяц працавалі на палях сельскагаспадарчага каапэратыву “Альгоўскае”. Будучыя сакратары, дызайнэры інтэр’ераў, фатографы ды вальшчыкі лесу былі занятыя ўборкай і сартыроўкай морквы…

Удзел навучэнцаў у сельгаспрацах пацьвердзіла “Віцебскай вясьне” начальнік аддзелу па выхаваўчай працы з моладзьдзю ВГТК Ала Бэйнар. Паводле яе словаў, навучэнцы працавалі ў складзе студатрадаў, арганізаваных пярвічкай БРСМ.

“Прымусу ніякага не было, усё дабравольна, усе дабравольцы. Зразумела, працавалі яны не бясплатна”, – запэўніла суразмоўца. Але колькі, хоць прыблізна, зарабілі студэнты “на моркве”, паведаміць адмовілася (“Хто добра працаваў, той зарабіў”).

Зарабілі больш за 100 рублёў…

Адна з навучэнак каледжу на ўмовах ананімнасьці расказала нам, што на працы ў “Альгоўскае” езьдзілі ва ўрочныя гадзіны – замест вучобы. На яе думку, шмат каго са студэнтаў такі стан рэчаў задавальняў. Асабліва тых, хто не атрымлівае ў каледжы стыпэндыю, бо гэта магчымасьць зарабіць лішнюю капейчыну (кажа, што зарабілі на моркве больш за 100 рублёў).

Фота: vk.com

Ад “калгасу”, паводле словаў студэнткі, можна было вызваліцца толькі праз стан здароўя – пры наяўнасьці адпаведнай даведкі. А таксама – па заяве бацькоў, якія былі супраць (былі і такія).

twitter.com

Паводле публікацыяў у сацсетках, удзел у “маркоўных” працах бралі як мінімум 9 студатрадаў з гучнымі назвамі “Іскра”, “Зорка”, “Салют”, “Марс”, “Вэнэра” і г.д.

Праваабаронца: Гэта – незаконна

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік адзначае, што прыцягненьне навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага каледжу ў сельгаспадарчых працах ёсьць прамым парушэньнем “Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”.

Паводле п. 2 арт. 89 Кодэксу аб адукацыі, прыцягваць навучэнцаў установы адукацыі да працаў, якія не прадугледжаныя вучэбна-праграмнай дакумэнтацыяй ці плянам выхаваўчай працы, – забаронена.

Фота: vk.com

“Заканадаўства дазваляе працу студэнтаў па ўборцы ўраджаю, толькі калі гэтая дзейнасьць адпавядае спэцыяльнасьці, на якой яны вучацца. Гэта зацьверджана ў адпаведнай пастанове Савету Рэспублікі яшчэ ў 2010 годзе. Так вырашыў заканадаўца, урад і прэзыдэнт, які падпісвае заканадаўчыя акты. Тое, што адбываецца ў тэхналягічным каледжы і ў некаторых іншых установах адукацыі Віцебску, ідзе ўпоперак беларускаму заканадаўству і груба парушае яго”, – лічыць праваабаронца.

Дакладна вядома, што сёлета ў сельгаспрацах былі задзейнічаныя і студэнты ВДУ імя Машэрава. Напрыклад, студэнты славутага мастацка-графічнага факультэту зьбіралі гэтай восеньню яблыкі.

Зьміцер Міраш