Панядзелак, 13 Студзень 2020

Бясплатна на Віцебшчыне вучацца толькі 42,6% студэнтаў – Белстат

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

У пяці ВНУ Віцебскай вобласьці на пачатак 2019/2020 навучальнага году вышэйшую адукацыю атрымліваюць 26 тысяч студэнтаў. За кошт бюджэтных сродкаў навучаецца 42,6% усіх студэнтаў, паведамляе галоўнае статыстычнае ўпраўленьне Віцебскай вобласьці.

У паведамленьні ўдакладняецца, што сярод студэнтаў, якія вучацца ў дзяржаўных установах на дзённай форме навучаньня, доля «бюджэтнікаў» складае 57,6%.

Паводле Белстату, у 2019 годзе студэнтамі сталі 5,7 тысяч чалавек.

Найбольшая колькасьць першакурсьнікаў выбрала спэцыяльнасьці тэхнічнага і будаўнічага профілю (22,1%), крыху меней – эканамічнага і юрыдычнага профіляў (18,6%), яшчэ менш – сацыяльнай накіраванасьці (16,9%) і сельскагаспадарчага профілю (16,4%), сама меней студэнтаў выбрала пэдагагічныя (15,3%) і гуманітарныя (8,4%) спэцыяльнасьці.

Выпуск адмыслоўцаў з установаў вышэйшай адукацыі ў 2019 годзе

Графіка: vitebsk.belstat.gov.by

У 2019 годзе ВНУ скончылі 5,8 тыс. чалавек, кожны чацьверты зь іх атрымаў спэцыяльнасьць эканамічнага профілю.

У разьліку на 10 тысяч чалавек насельніцтва Віцебскай вобласьці прыпадае 230 студэнтаў і магістрантаў ВНУ.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.