Як паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства працы Беларусі, “узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 чэрвеня 2019 года склаў 0,3% да колькасьці працоўнай сілы”, ці “13,7 тыс. чалавек, што на 30,7% менш, чым на 1 чэрвеня 2018 году”.
Калі верыць дадзеным, дык за год колькасьць беспрацоўных у нашай краіне скарацілася на 30%, а заробак пастаянна расьце. Паводле дадзеных, якія прыводзіць Белстат, сярэдняя заработная плата ў Беларусі ў маі 2019 году склала 1071,6 рублёў. Але ці лёгка наогул знайсьці ў Віцебску працу, і тым больш – з такім “сярэднім” заробкам? Пашукалі адказ у цэнтры занятасьці.
Альбо грузчыкам, альбо дворнікам – за 300 рублёў
У калідорах цэнтру людзей ня вельмі шмат. Сярод іх мужчына сярэдніх гадоў, які назваўся Сяргеем. Ён ужо каля году стаіць на біржы на ўліку і прыйшоў сюды атрымаць даведку. Зараз праходзіць перанавучаньне па спэцыяльнасьці “электраманцёр па рамонце і абслугоўваньні электраабсталяваньня”. Да гэтага паўгода стаяў на біржы ў якасьці беспрацоўнага. За гэты час яму некалькі разоў прапаноўвалі працу з заробкам крыху больш за 300 рублёў.
“Яны мне прапаноўвалі альбо грузчыкам, альбо дворнікам ісьці – за 300 рублёў, больш нічога не маглі прапанаваць”, – расказвае Сяргей.
Зразумела, што ісьці працаваць за такія грошы ён не захацеў і вырашыў атрымаць новую прафэсію. Але патрапіць на курсы аказалася ня так і проста. Трэба сабраць неабходны пакет дакумэнтаў, знайсьці патэнцыйнага працадаўцу і скласьці зь ім дамову, якая дасьць гарантыю, што пасьля праходжаньня навучаньня той возьме вас на працу.
Ці лёгка ўладкавацца на курсы
“Наступны набор на электраманцёра будзе ня хутка. У нас усяго чатыры чалавекі ў групе. Дык нават гэтую групу паўгода зьбіралі. Прыйшлося чакаць, пакуль набяруць людзей”, – кажа Сяргей.
Ягоная стыпэндыя складае ўсяго 1,5 базавыя велічыні. Але ня гэта больш за ўсё абурае нашага суразмоўцу: “Трэба два месяцы хадзіць на вытворчую практыку. Працаваць цэлы дзень з 8.00 да 17.00 на вытворчасьці. І за гэта нам ня плацяць ані капейкі”.
Па словах спэцыяліста цэнтру занятасьці па перанавучаньні Ніны Русаковіч, абсалютна на ўсе напрамкі перанавучаньня неабходныя дамовы пацьверджаньня з працадаўцам.
“Але па некаторых прафэсіях мы можам прапанаваць арганізацыі, якія гатовыя забясьпечыць працаўладкаваньне”, – дзеліцца спэцыялістка. Гэтак, на групу “для рабочых па навучаньні бясьпечным мэтадам працы на газонакасілках і кустарэзах” такі дагавор можна атрымаць без праблем. Тэрмін навучаньня – 1 тыдзень. Пасьля курсаў ёсьць магчымасьць працаўладкавацца ў мясцовы ЖРЭТ альбо “Зелянгас”.
Але колькі ж будуць зарабляць “новасьпечаныя” газонакасільшчыкі, паведаміць яна не змагла. “Зьвяртайцеся да наймальнік”, – параіла спэцыяліст. У “базе” ж па гэтай вакансіі абяцаюць 330 рублёў.
Толькі 4 вакансіі з заробкам больш за 1000 рублёў
Што тычыцца самой базы вакансіяў, то большасьць прапанаваных месцаў якраз і арыентаваныя на 300-500 рублёў. У ёй мы знайшлі ўсяго 4 вакансіі, разьмешчаныя ў чэрвені, з заробкам больш за 1000 рублёў. Гэта вакансіі інжынэра, галоўнага інжынэра, галоўнага тэхноляга і заатэхніка.
Усяго ж у банку 31 вакансія з прапанаваным заробкам больш за 1000 рублёў, але ўсе яны вісяць ужо даўно, некаторыя – аж ад лютага. Чаму іх дагэтуль ня зьнялі, невядома. Не змагла адказаць на гэтае пытаньне і спэцыялістка аддзелу па садзейнічаньні ў працаўладкаваньні Алена Сабыніч, але пацьвердзіла, што ў базе трапляюцца неактуальныя вакансіі.
“Але гэта наймальнікі мусяць паведамляць пра закрыцьцё вакансіі, мы гэта не адсочваем”, – адказала.
Уладзімер Бяляўскі