Ніякія зьмены не патрэбныя?..
Віцебская сустрэча сталася другой па ліку, якую ў падобным фармаце праводзіў Чалы ў Беларусі, але паміж імі адбылася “Вялікая размова з прэзыдэнтам”. І на ёй, на думку сьпікера, з вуснаў прэзыдэнта прагучала некалькі важных тэзаў. А менавіта: “Я не разумею, якая яшчэ свабода патрэбная прадпрымальнікам? Што вы яшчэ ад мяне хочаце, якога разьняволеньня?” і “У нас ёсьць такія цудоўныя сілавікі, што ўсе краіны нам зайздросьцяць”.
Сэнс сказанага Лукашэнкам такі: усе рашэньні, якія залежалі ад яго, прынятыя – дык чаму няма працы? Маўляў, увесь курс апошніх 25-ці гадоў быў слушны, памылак не было, таму ніякія зьмены не патрэбныя. Лёгіка палягае ў тым, што прызнаць неабходнасьць зьменаў – значыць прызнаць, што 25 гадоў рабілася нешта ня тое.
Сяргея Чалага віцебскай публіцы прадставіў дырэктар Цэнтру новых ідэяў Антон Раднянкоў
Гэтыя выказваньні, як лічыць Сяргей Чалы, сьведчаць пра кепскія пэрспэктывы для рэфарматарскага блёку нацыянальнага ўраду.
Чалы заўважае, што кіраўнік краіны ўжываў “даволі пацешныя тэрміны кшталту “разьняволеньне бізнэсу”. Але ж “разьняволеньне” азначае, што да гэтага бізнэс быў “заняволены”…
Загадка беларускага эканамічнага цуду
Паводле Сяргея Чалага, першапачатковы парадокс палягаў у тым, што пры мінімуме эканамічных і палітычных правоў тэмпы эканамічнага росту ў 2008 годзе сягалі аж 9% за год. Гэтага не магло быць у прынцыпе, і не было зразумела, як гэта працуе.
Адмыслоўцы ўспрымалі гэтыя лічбы як нейкую памылку вымярэньня. Зьявіўся нават іранічны тэрмін “загадка Беларусі”, які прыўладныя спэцыялісты перакруцілі на “беларускі цуд”.
Сустрэча прайшла ў віцебскім арт-пабе "Торвальд" і выклікала аншляг
Аднак за які кошт адбываўся рост без лібэралізацыі эканомікі і палітыкі? Адказ просты, сьцьвярджае выступоўца. Гэткаму росту спрыяў расейскі нафтагазавы грант. Дзякуючы палітыцы кіраўніка дзяржавы беларусы здолелі гэтак доўга “здабываць” нафту і газ у Расеі.
І было добра, калі кошт тысячы кубамэтраў газу складаў 40 даляраў (2006). У выніку, аднак, азначыліся праявы “галяндзкай хваробы”, тлумачыў Чалы. Дэградавалі структуры. За 20 гадоў Беларусь згубіла высокатэхналягічныя экспартныя галіны, такія як прыбора- і станкабудаўніцтва, а вось сыравінныя галіны вырасьлі.
“Унікальная беларуская мадэль, якая даказала сваю эфэктыўнасьць”
Гэтае выказваньне былога старшыні Савету Рэспублікі Анатоля Рубінава зьявілася за два тыдні да крызісу 2011 году. Менавіта тады рост ВУП за кошт эмісійных грошаў скончыўся. І раптам выявілася, што ўсе гэтыя тэмпы эканамічнага росту былі нічым іншым, як спэцэфэктамі, лічыць Сяргей Чалы.
Незалежныя эканамісты разумелі, што насьпела патрэба ў структурных пераменах, але замест гэтага быў узяты курс на мадэрнізацыю прамысловасьці. Ніякія структурныя перамены ўладзе былі непатрэбныя, а мадэрнізацыя разумелася так: “новыя станкі паставім, старыя сьцены падновім”.
Імпрэза атрымалася інтэрактыўнай
“Чым усё скончылася, добра вядома”, – кажа Чалы.
Як пераконвае, тутэйшая “мадэрнізацыя” – ня што іншае, як гарбачоўскае “паскарэньне сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця”.
Насамрэч няма ў беларускай мадэлі ніякай унікальнасьці. Яна даўно і добра апісаная Рудыгерам Дорнбушам у “Гісторыі эканамічнага папулізму ў Лацінскай Амэрыцы”, – сьцьвярджае эканаміст.
Зомбі-прадпрыемствы як сыстэмная праблема
Прэзыдэнт дагэтуль ганарыцца тым, што захаваў усе савецкія прадпрыемствы, згадаў Чалы. Але гэта азначае, што ён захаваў і самыя неэфэктыўныя прадпрыемствы. І зараз, калі адкінуць дзяржпадтрымку, можа аказацца, што яны працуюць з адмоўнай даданай вартасьцю. То бок зьнішчаюць кошт, а не вырабляюць яго.
Прадпрыемствы, якія б у нармальных рынкавых умовах даволі хутка зьніклі б з рынку, працягваюць жыць і нагадваюць прадпрыемствы-зомбі.
“Але гэтыя “зомбі” характарызуюцца ненаедным голадам. І гэта ў межах усёй эканомікі азначае, што грошы адбіраюцца ў самых эфэктыўных, у тых, хто стварае найбольшую даданую вартасьць, і перадаюцца на падтрымку самых неэфэктыўных прадпрыемстваў”, – казаў сьпікер.
“Мы жывем у сыстэме, дзе прадпрыемствы-брэнды, нават калі яны адначасова прадпрыемствы-зомбі, кранаць нельга. Калі мы іх разбурым, то ўся 25-гадовая гісторыя беларускай дзяржаўнасьці пойдзе кату пад хвост… Вось тады і ўзьнікла ідэя аб “разьняволеньні і разьвіцьці малога ды сярэдняга бізнэсаў”. Здавалася б, добрая ідэя. Так, наша старая эканоміка няздольная расьці неабходнымі тэмпамі, таму побач зь ёй мы выгадуем новую, якая дасьць эканамічны рост…” – разважаў Чалы.
І на простым прыкладзе патлумачыў, чаму гэта не працуе. Калі на поле, дзе расьце пустазельле, пасадзіць культурныя расьліны, нічога ня вырасьце. Прынамсі – калі гэтае поле не праполваць. Існыя буйныя прамысловыя прадпрыемствы, абцяжараныя непад'ёмнымі даўгамі, пачынаюць папросту “заражаць” здаровыя прадпрыемствы.
Сяргей Чалы кажа, што ва ўсім сьвеце малы і сярэдні бізнэсы жывуць з таго, што зьяўляюцца падрадчыкамі буйных прадпрыемстваў. Аднак разьвіваць малыя і сярэднія прадпрыемствы ва ўмовах, калі буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы няплатаздольныя, немагчыма.
Гэткім чынам прадпрыемствы-зомбі пачынаюць забіваць усё жывое ў эканоміцы.
Нармальная эканоміка працуе наадварот: яна забірае грошы ў неэфэктыўных і ўзнагароджвае тых, хто працуе эфэктыўна. Дарэчы, тут трэба ўлічваць ня толькі грошы, але і працоўныя рэсурсы, сыравіну, камплектуючыя і г.д. З чаго і вынікае неабходнасьць у сыстэмных пераменах, бо гэта не праблема асобных прадпрыемстваў-зомбі. Гэта праблема стасункаў паміж структурнымі элемэнтамі – сыстэмная праблема.
Насьпелі структурныя перамены
Усе спосабы і крэатыўныя ідэі, якімі ўлады імкнуліся даказаць, што беларуская эканамічная мадэль можа быць жыцьцяздольнай, ужо выкарыстаныя. Усе яны скончыліся крызісамі, мяркуе Сяргей Чалы.
Яшчэ ў 2012 годзе стала відавочным, што старая мадэль не працуе, і прычына таго хаваецца ў яе структуры. Праблема ў адносінах і сувязях паміж прадпрыемствамі. І ў 2019 годзе мы ўсё яшчэ знаходзімся на тым самым месцы.
“Трэба біць у званы! Спадарства, мы ня маем крыніцаў эканамічнага росту! Здавалася б, трэба ўголас крычаць, што мы стварылі такую эканоміку, якая “тармозіць”. Але ніхто не крычыць…” – казаў лектар.
Паводле Чалага, цяпер ужо зусім відавочна: ніякія касмэтычныя зьмены не працуюць. Насьпелі структурныя перамены. Але бракуе палітычнае волі. Папросту бракуе сьмеласьці прызнаць, што 25 гадоў краіна ішла ня тым шляхам…
С. Горкі, фота аўтара