Ва ўрачыстасьці бралі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарстнёў, начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя аблвыканкаму Юры Дзяркач, мэр гораду Віктар Нікалайкін ды іншыя.
Мікалай Шарстнёў распавёў пра цяжкасьці, зьвязаныя з будаўніцтвам паліклінічнага комплексу, і дзякаваў прэм'ер-міністру за дапамогу ў фінансаваньні (будучы старшынём праўленьня “Банку разьвіцьця РБ”, Румас паспрыяў у выдзяленьні сродкаў на будоўлю). Але, як было агучана, асноўнае фінансаваньне будоўлі адбывалася з абласнога ды гарадзкога бюджэтаў. Працы выконваў будаўнічы трэст №9.
Падчас імпрэзы. Сяргей Румас - у цэнтры, Мікалай Шарстнёў - справа.
Сяргей Румас, у сваю чаргу, зазначыў, што “нам трэба больш клапаціцца пра сваё здароўе”, ды павіншаваў жанчын з надыходзячым сьвятам.
“Відавочна, што ў нашай мэдыцыны – жаночы твар, таму сымбалічна, што такі прыгожы сучасны аб'ект мы адчыняем напярэдадні Міжнароднага жаночага дня”, – заўважыў прэм’ер-міністар.
Віцяблянкі на адкрыцьці паліклінікі
Галоўны ўрач новай паліклінікі Станіслаў Цітовіч выказаў падзяку “за цудоўны падарунак” кіраўніцтву краіны, вобласьці і гораду. Паабяцаў, што мэдыкі будуць цяпер працаваць яшчэ з большым энтузіязмам.
Сымбалічны ключ ад паліклінікі перадаў галоўнаму ўрачу ўстановы гендырэктар будтрэсту №9 Уладзімер Леньчыкаў.
Сымбалічны ключ у руках галоўнага ўрача паліклінікі
Чырвоную стужку разрэзалі Сяргей Румас, Мікалай Шарстнёў, Віктар Нікалайкін і Станіслаў Цітовіч. Прысутныя на імпрэзе патэнцыйныя пацыенты сустрэлі адкрыцьцё воплескамі.
Пасьля таго, як стужку перарэзалі, народ пасунуўся да ўваходу ў новую паліклініку. Але людзей усярэдзіну не пусьцілі – параілі прыходзіць у наступны панядзелак, калі паліклініка пачне працаваць.
Нагадаем, будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне “Поўдзень-7” у Віцебску пачалося яшчэ ў 2007 годзе, але затым будоўлю на доўгі час “замарозілі”. Як лічаць грамадзкія актывісты, у тым, што паліклініку нарэшце дабудавалі, ёсьць і іхняя заслуга.
Севярынец: Каб хто ведаў, колькі мы грукаліся ў розныя дзьверы…
“Калі мы ў 2014 годзе бегалі наконт будаўніцтва паліклінікі ў Білеве, я ўжо ведала пра гэтую паліклініку. Тады на “замарожанай” будоўлі не было нават першага паверху. За будаўніцтва паліклінікі ў Білеве мы прынесьлі 4756 подпісаў. Нам сказалі, што спачатку дабудуюць тут, а потым ужо будуць думаць пра Білева”, – расказвае віцебская актывістка Тацяна Севярынец.
“У 2016-м мы зноў прыйшлі да гарадзкіх уладаў з подпісамі за пабудову ўжо паліклінікі на “Поўдзень-7”. Паказалі, што ёсьць вялікія праблемы, прынесьлі 1600 подпісаў, і неўзабаве яны пачалі дабудоўваць. Але давялі да 2-га паверху, і грошы скончыліся. Мы зноў да іх з пытаньнем: “Калі працягнецца будаўніцтва?”… Каб хто ведаў, колькі разоў мы грукаліся ў розныя дзьверы з гэтай нагоды!.. Але пабудавалі і добра, абы людзям было зручна”, – падсумавала Тацяна.
https://vitebskspring.org/news/satsyyalnyya-pravy/item/3119-paliklinika#sigProId1021d650b4
С. Горкі, фота аўтара