Праблема з дарожным станам Пскоўскай вуліцы востра паўстала пасьля закрыцьця аварыйнага Полацкага пуцеправоду. У выніку аўтапаток празь яе павялічыўся сама меней у два-тры разы.
Два гады таму Пскоўскую рамантавалі. Праўда, як кажуць людзі, на апошнія 50 мэтраў, якія і да таго былі самымі праблемнымі, асфальту чамусьці не хапіла. Яго проста размазалі тонкім слоем. Зразумела, што доўга такое пакрыцьцё не пратрывала. Ужо пасьля першай зімы ўтварыліся яміны, і з кожным месяцам іх рабілася ўсё больш. Урэшце вялікі аўтапаток і прырода зрабілі сваю справу, ператварыўшы асфальт у безьліч маленькіх кратэраў.
Але месьцічы кажуць, што галоўная праблема палягае ў адсутнасьці ходнікаў. Увесну, увосень і пасьля летніх залеваў абочына з абодвух бакоў ператвараецца ў багну, а па вуліцы цякуць брудныя ручаі. У пошуку больш-менш зручнага праходу людзям даводзіцца скакаць з узбочыны на дарогу і назад.
Яшчэ больш ад сэзонных праблемаў церпяць чатыры Мопраўскія вуліцы, якія перасякаюць Пскоўскую. Асабліва пакутуюць жыхары 4-й Мопраўскай, якая зьбірае ўсю ваду з Пскоўскай, ператвараючыся ў штучнае возера. Жыхары пэрыядычна выклікаюць спэцыялістаў адпампоўваць ваду.
Вуліца 4-я Мопраўская
Ёсьць і праблема бясьпекі. Непадалёку знаходзіцца гарадзкая гімназія №4, і штодзень дзясяткі дзяцей праз адсутнасьць ходнікаў трапляюць у небясьпечныя ўмовы. А ў сувязі з павелічэньнем колькасьці аўто на вуліцы сытуацыя наогул выглядае крытычнай. Не зразумела чаму, але па-сапраўднаму праблема не турбуе ані бацькоў, ані настаўнікаў.
Некаторых гімназістаў бацькі прывозяць на машынах, але паркоўка ля школы знаходзіцца ніжэй за ўзровень дарожнага пакрыцьця, заліваецца вадой і часам становіцца непрыдатнай да выкарыстаньня. Кіроўцы на просьбу пракамэнтаваць такі стан аўтамабільнай пляцоўкі або наогул адмаўляюцца гаварыць, або адказваюць дзяжурнымі фразамі: “Была б добрая стаянка – было б лепей”. Ці: “Пішыце, што хочаце…”
Як ужо паведамлялася ў прэсе, гарадзкая ЖКГ шукае генпадрадчыка для рамонту дарожнага пакрыцьця сямі аб'язных вуліцаў, сярод якіх і вуліца Пскоўская. У пэрыяд з 1-га па 30 красавіка на ёй мусяць пакласьці 490 кв. м. асфальту.
Навіна добрая, але з-за непразрыстасьці плянаў гарадзкіх службаў людзі пакуль ня ведаюць, ці разам з асфальтавым пакрыцьцём на вуліцы Пскоўскай зьявяцца ходнікі. Жыхары перакананыя, што падрадчык, як зазвычай, абыдзецца аўральным рамонтам праезнай часткі, а пра пешаходаў ніхто не паклапоціцца.
https://vitebskspring.org/news/satsyyalnyya-pravy/item/3140-vulitsa-pskouskuaja#sigProId82dca4b739
С. Горкі, фота аўтара