У 2013 годзе Віцебск стаў лідэрам сярод рэгіёнаў па тэмпах росту цэнаў на нерухомасьць, паведамляе Інтэрфакс. Цягам году кошт квадратнага мэтру жытла ў горадзе над Дзьвіной узрос на 30,8% - з 800 да 1066 даляраў. Такім чынам, па цэнах на жытло Віцебск апярэдзіў астатнія абласныя цэнтры і цяпер саступае толькі Менску.

У Мёрах працягваюцца вайсковыя вучэньні. Дзеля іх правядзеньня вайскоўцам былі аддадзеныя спартовая школа і стадыён, на якіх усталявалі блёкпосты, у выніку чаго жыхары гораду ня могуць займацца спортам. Гэта выклікае вялікае незадавальненьне ў жыхароў Мёраў, кажа каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Багуслаў Мацук.

У Віцебскай вобласьці сёлета плянуецца закрыць 15 школ. Яшчэ 30 устаноў адукацыі будуць рэструктурызаваныя. Таксама будзе зачынены дзіцячы сацыяльны прытулак у Сеньненскім раёне.

Пра свае ўцёкі ў Расею паведаміў сам віцебскі стваральнік незарэгістраванай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі «Белая Русь» у артыкуле «Сіла ў праўдзе, брат», які разаслаў па інфармацыйных рэсурсах. Сяргей Рыжоў тлумачыць і сваё ранейшае зьнікненьне , пра якое яшчэ 15 студзеня паведамляў яго знаёмы лекар Ігар Пастноў. Тады Рыжову пагражаў арышт на 15 сутак, агучаны судзьдзёй Першамайскага райсуду Карабліной за хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам выцьвярэзьніку 16 лістапада мінулага году.

Паводле стану на 1 студзеня 2014 г. колькасьць насельніцтва Віцебскай вобласьці склала 1 млн. 202,2 тысячы чалавек. За мінулы год колькасьць жыхароў Віцебшчыны зьменшылася на 5,8 тысяч чалавек, што супастаўна з насельніцтвам невялікага райцэнтру, напрыклад Расонаў або Ўшачаў.