Субота, 19 Верасень 2015

Эканамічная сытуацыя на «Паліміры» пахіснулася

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Штогод на заводзе «Палімір» ААТ «Нафтан» (Наваполацак) ажыцьцяўляюцца плянавыя прыпынкі на асноўных вытворчасьцях для рамонту. Але гэтым летам, як высьветлілася, ня ўсё пайшло гладка.

У першай палове чэрвеня на плянавы прыпыначны рамонт сышла другая чарга вытворчасьці «Поліэтылен». У цэхах № 104, 105 і 106 праводзіліся чысткі, рэвізіі, замена абсталяваньня. Паведамлялася, што, нягледзячы на ​​скарачэньне (у параўнаньні зь мінулым годам) пэрсаналу рамонтнай вытворчасьці, другая чарга «Поліэтылену» мусіла пачаць выдаваць гатовую прадукцыю ў ліпені.

Аднак на пачатку ліпеня СМІ паведамілі, што на «Паліміры» каля тыдня ідзе моцны чорны дым, а ў горадзе адчуваецца пах гарэлай хіміі. Прадстаўнікі заводу на гэта заявілі, што ніякай аварыі ня здарылася, і што гэтак адбываецца рэгулярна пры пускавых работах пасьля капрамонту.

Што насамрэч адбылося на «Паліміры» стала вядома на днях з публікацыі газэты «Вестник Нафтана». Дырэктар заводу Алег Жэбін на сустрэчы з работнікамі паведаміў, што ў ліпені і пачатку жніўня сытуацыя ў эканоміцы заводу зьмянілася ў горшы бок. Прычына – «тэхналягічныя непаладкі» падчас пуску цэхаў другой чаргі вытворчасьці «Поліэтылен».

Паводле словў Алега Жэбіна, завершанае расьсьледаваньне інцыдэнтаў, што адбыліся; асобы, датычныя да іх, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці, пазбаўленыя прэміі і будуць кампэнсаваць прычыненую шкоду.

Збой у працы заводу спрычыніўся да памяншэньня выпуску прадукцыі, зьніжэньня прыбытку і экспарту, павелічэньня выдаткаў на вытворчасьць (набыцьцё дадатковага аб'ёму сыравіны і незаплянаваны рамонт абсталяваньня).

Крыніца: Прафсаюзны рух Беларусі