Аўторак, 18 Кастрычнік 2016

Могілкі хатніх жывёл утварыліся на ўскраіне Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аказваецца, тэрыторыя каля чыгуначнай станцыі «Лучоса» ў Віцебску – гэта ня толькі месца паломніцтва дачнікаў і аматараў адпачынку ў лесе. Туды накіроўваюцца і ўладальнікі хатніх жывёл, каб праводзіць сваіх гадаванцаў у апошні шлях.

Незвычайныя клады раскінуліся на адным з узьлескаў паблізу водазабору. Большасьць гаспадароў братоў нашых меншых ставяцца да пытаньня пахаваньня з усёй адказнасьцю: на маленькіх магілках пастаўленыя агароджы, шыльды з імёнамі і гадамі жыцьця, побач ляжаць улюбёныя цацкі зьвяркоў і штучныя кветкі. Сустракаюцца нават мініятурныя гранітныя помнікі і крыжы. Таксама прыкметна, што некаторыя магілкі працягваюць даглядаць, хаця з моманту сьмерці мінула ўжо шмат гадоў. Пра ступень любасьці да чацьвераногіх і гаркоты ад iх страты сьведчаць эпітафіі кшталту «Памятаем. Любім. Смуткуем».

Мяркуючы па колькасьці памерлых і пазначаных датах, могілкі пачалі фармавацца зь сярэдзіны 1990-х гадоў і дагэтуль папаўняюцца. Новыя надмагільлі зьяўляюцца рэгулярна, нягледзячы на тое, што гэта супрацьзаконна. Ля дарогі ёсьць шыльда, якая абвяшчае: «Зона санітарнай аховы водазабору «Лучоса». Работы па пахаваньні хатніх жывёл сувора забароненыя. Штраф у памеры 10 базавых велічынь». Адміністрацыйная адказнасьць прадугледжаная і Правіламі ўтрыманьня сабак і катоў, зацьверджанымі пастановай Савету Міністраў. У іх гаворыцца, што «пахаваньне трупаў жывёл ажыцьцяўляецца ў парадку, вызначаным тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, у месцах, прызначаных для гэтых мэтаў». У адваротным выпадку парушальніку давядзецца заплаціць ад 1 да 15 БВ.

Дарэчы, клады каля станцыі «Лучоса» – не адзінае месца ў горадзе, дзе нелегальна хаваюць жывёл. Такую самую карціну можна назіраць паблізу комплексу культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі. Мяркую, ёсьць і яшчэ шэраг больш дробных пахаваньняў. А колькі катоў і хамячкоў закапана ў кустох каля шматпавярховікаў! Дык чаму ж людзям дагэтуль ніхто не прапануе цывілізавана хаваць гадаванцаў або крэмаваць?

Пакуль у Віцебску пасьля сьмерці ваш улюбёнец афіцыйна можа адправіцца толькі ў біятэрмічную яміну, якая месьціцца ў вёсцы Раніна Віцебскага раёну, паведамілі на гарадзкой вэтэрынарнай станцыі. Аднак клапатліваму гаспадару, натуральна, наўрад ці захочацца скарыстацца з такога варыянту.

А крэматорый ёсьць толькі ў Менску. Мабыць, гэтая паслуга коштам звыш 100 руб. не карыстаецца попытам, калі не знайшлося ахвотных адкрыць бізнэс па спальваньні трупаў у абласным цэнтры.

Атрымліваецца палка з двума канцамі. З аднаго боку, сабакары і каталюбы ня хочуць, каб парэшткі іх гадаванцаў камунальнікі ператваралі ў кампост, з другога – плаціць спэцыялізаваным арганізацыям яны таксама адмаўляюцца.

Эдуард Каралевіч, vitvesti.by